Міністар адукацыі паведаміў, што абавязковае разьмеркаваньне не закране платнікаў, якія ўжо вучацца

Юрыдычны факультэт БДУ, Менск

Абавязковае разьмеркаваньне студэнтаў платнай формы навучаньня не закране тых, хто паступіў у навучальныя ўстановы да ўступленьня ў сілу адпаведных паправак у Кодэкс аб адукацыі.

Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў міністар адукацыі Андрэй Іванец.

«Зьмены ў заканадаўчую базу закрануць тых, хто будзе паступаць у нашы ўнівэрсытэты або каледжы пасьля ўступленьня ў сілу гэтых нормаў. Гэта значыць, тых, хто сёньня навучаецца на платным, гэтая навацыя тычыцца ня будзе. Аднак скарыстацца правам на атрыманьне першага працоўнага месца яны могуць», — сказаў Іванец.

Ён таксама адзначыў, што ў адпаведнасьці з новай рэдакцыяй Кодэксу аб адукацыі сёлета больш за дзьве тысячы выпускнікоў-платнікаў скарысталіся магчымасьцю атрымаць накіраваньне на першае працоўнае месца.

«Фактычна накіраваньне на першае працоўнае месца мы разглядаем як працяг навучаньня, толькі арыентаваны на практыку, калі праз настаўніцтва, праз уваходжаньне ў прафэсію малады чалавек атрымлівае новыя прафэсійныя навыкі і кампэтэнцыі. І для таго, каб малады спэцыяліст адбыўся, трэба ня менш як два гады», — сказаў міністар.

  • 21 верасьня на нарадзе аб адукацыі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў павялічыць тэрміны адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ і падумаць над увядзеньнем адпрацоўкі для студэнтаў платнай формы навучаньня, а таксама ўхваліў зборы сродкаў з бацькоў на патрэбы школаў.
  • Міністар адукацыі Андрэй Іванец тады заявіў, што адпрацоўваць пасьля ВНУ павінны і бюджэтнікі, і платнікі: «Сёньня і бюджэтнік, і платнік, на нашу думку, мусіць адпрацоўваць. Адпаведныя зьмены рыхтуем для ўнясеньня ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі», — заявіў Іванец.