Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 27 краін Эўразьвязу на ІІІ саміце Эўрапейскай палітычнай супольнасьці ў гішпанскім горадзе Гранада абмяркоўваюць аснову стратэгічнага парадку дня на бліжэйшыя пяць гадоў.
«Галоўныя пытаньні, якія будуць узьнятыя, — адкрытая стратэгічная аўтаномія і падрыхтоўка Эўразьвязу да пашырэньня», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Гішпанскага старшынства ў Эўразьвязе.
Гішпанія заявіла аб жаданьні дасягнуць прагрэсу ў дакумэнце Эўразьвязу аб міграцыі, якая становіць сур’ёзную праблему.
«Украіна таксама будзе на парадку дня. Эўразьвяз прадэманстраваў адзінства і цьвёрдасьць супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з пачатку канфлікту 24 лютага 2022 году», — адзначаецца ў паведамленьні.
У саміце бяруць удзел кіраўнікі амаль 50 эўрапейскіх краін. У Гранаду для ўдзелу ў падзеях саміту ўжо прыбылі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, мае ўзяць удзел Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўрапарлямэнце рэкамэндавалі даць беларускім дэмакратычным сілам статус назіральніка ў Эўрапейскай палітычнай супольнасьціДа абвастрэньня сытуацыі ў Нагорным Карабаху на гэтым саміце плянавалася арганізаваць сустрэчу Нікола Пашыньяна і прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева. Аднак азэрбайджанскі лідэр у апошні момант адмовіўся ад удзелу ў саміце.
Уладзімір Зяленскі ў сваім выступе перад лідэрамі эўрапейскіх краін заявіў, што адзінства і салідарнасьць усёй Эўропы павінны быць непахісныя.
«Нельга дазволіць Пуціну дэстабілізаваць хаця б якую частку сьвету і нашых партнэраў, каб зруйнаваць моц Эўропы. Мусім і далей ціснуць санкцыямі, палітычна і эканамічна, каб Расея не магла распаўсюджваць хаос. Прысутнасьць Расеі, яе вайскоўцаў або марыянэтак на тэрыторыі якой-небудзь краіны — гэта пагроза ўсім нам. Мы павінны працаваць разам, каб выціснуць Расею з тэрыторыі іншых краін», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Эўрапейская палітычная супольнасьць (EPC) — міжурадавая арганізацыя, створаная ў траўні 2022 году на прапанову прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона для палітычных і стратэгічных дыскусій.
Задача арганізацыі — даць плятформу для каардынацыі палітыкі ўсіх эўрапейскіх краін і садзейнічаць палітычнаму дыялёгу і супрацоўніцтву для вырашэньня пытаньняў, якія маюць агульны інтарэс, для ўмацаваньня бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Малдове ў надзвычайных умовах бясьпекі праходзіць саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Безь Беларусі і РасеіНа сёньня EPC аб’ядноўвае 45 краін Эўропы, у тым ліку Азэрбайджан, Армэнію, Малдову і Ўкраіну.
Беларусі і Расеі сяброўства ў арганізацыі не прапаноўвалася.
Першы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці адбыўся ў кастрычніку ў Празе (Чэхія), другі — у чэрвені 2023 году ў Малдове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь не запрасілі на саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці