Група дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны зьвярнулася да кіеўскіх уладаў і ў Міністэрства адукацыі Ўкраіны з патрабаваньнем умяшацца ў сытуацыю вакол мэмарыяльнага знаку беларусам, якія загінулі ва Ўкраіне з 2014 году.
«Просім вас неадкладна ўмяшацца ў сытуацыю, спыніць зьнішчэньне мэмарыяльнай дошкі, якая ўшаноўвае памяць беларусаў, якія аддалі жыцьцё ў барацьбе за Ўкраіну. Забясьпечыць поўнае аднаўленьне мэмарыяльнай дошкі і не дапусьціць у будучыні актаў вандалізму ў дачыненьні да помніка з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту», — адзначаецца ў дэпутацкім звароце, які мае ў сваім распараджэньні Свабода.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта правакацыя, якую мае расьсьледаваць СБУ». Актывісты маюць намер аднавіць знак беларусам у Кіеве і ведаюць, хто яго дэмантаваўДэпутаты назвалі частковы дэмантаж мэмарыялу «рэзананснай і шакавальнай падзеяй». Прадстаўнікі Вярхоўнай Рады Ўкраіны падкрэсьлілі, што помнік усталяваны на сродкі сяброў і блізкіх загінулых, а Кіеўскі саюз вэтэранаў Антытэрарыстычнай апэрацыі дапамагаў прайсьці ўсе інстанцыі — ад Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі да раённай рады і ўласьнікаў будынку, каб атрымаць усе дазволы на ўсталяваньне помніка.
Як стала вядома Свабодзе, кіраўніцтва каледжу, на сьцяне якога знаходзіцца мэмарыял, перамясьціла зьнятыя герб «Пагоня» і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне!» у падвал навучальнай установы.
Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», паведаміла Свабодзе, што пасьля іхнага наведваньня каледжу ягонае кіраўніцтва вырашыла вярнуць на месца надпіс «Слава Ўкраіне!». Беларускі нацыянальны і ўкраінскі дзяржаўны сьцягі пакуль на мэмарыяле адсутнічаюць.
Ініцыятары стварэньня мэмарыялу зьвярнуліся ў Службу бясьпекі Ўкраіны і паліцыю з патрабаваньнем разабрацца зь дзеяньнямі кіраўніцтва каледжу і Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Словы „Жыве Беларусь“ раздражняюць». Дырэктарка кіеўскага каледжа пра дэмантаж часткі памятнага знака беларускім ваярам- 1 кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве пашкодзілі памятны знак беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, адкрыты ў 2016 годзе на вуліцы Беларускай: з помніка зьніклі надпісы «Слава Ўкраіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны.
- Мэмарыял, які ўрачыста адкрылі ў сакавіку 2016 году, ушаноўвае памяць Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у 2014 годзе падчас «Рэвалюцыі годнасьці», а таксама тых беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў.
- Яшчэ да маштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у баях на ўсходзе Ўкраіны загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва ўкраінскіх Узброеных сілах.