У Расеі адмовіліся заводзіць справу на сына Кадырава, які пабіў вязьня ў камэры СІЗА

Адам Кадыраў. Архіўнае фота

Паліцыя ў Чачэніі скончылі праверку па факце пабіцьця Мікіты Жураўля сынам Рамзана Кадырава Адамам.

Як піша расейскі тэлеграм-канал Baza, крымінальную справу вырашылі не заводзіць, спаслаўшыся на тое, што Адаму Кадыраву 15 гадоў, гэта значыць у яго не наступіў узрост крымінальнай адказнасьці: па законе за падобныя злачынствы адказныя асобы, якія дасягнулі 16 гадоў.

Тым часам справа абвінавачанага ў спаленьні Карана паступіла ў суд у Грозным. У СІЗА яго біў сын Кадырава.

Крымінальная справа жыхара Валгаграда Мікіты Жураўля, якога арыштавалі ў справе аб спаленьні Карана і адправілі ў СІЗА ў Грозным, паступіла ў суд, першае паседжаньне пройдзе ў панядзелак 9 кастрычніка.

Мікіта Журавель за кратамі

Гэта вынікае з паведамленьня на сайце Вісаітаўскага раённага суду Грознага. Маладому чалавеку ставяцца ў віну ч. 2 арт. 148 і ч. 2 арт. 213 КК РФ («Абраза пачуцьцяў вернікаў» і «Хуліганства»).


19-гадовага Жураўля арыштавалі ў траўні 2023 году. Справу супраць Жураўля распачалі пасьля таго, як відэа са спаленьнем Карана ў мячэці ў Валгаградзе зьявілася ў інтэрнэце. Па асабістым распараджэньні кіраўніка СКР Аляксандра Бастрыкіна і нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў юнака перавезьлі ў Чачэнію.


У верасьні кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў апублікаваў відэа, на якім, як ён сам заявіў, ягоны 15-гадовы сын Адам Кадыраў б’е Жураўля.


На думку юрыстаў, людзей, якія маюць дачыненьне да гэтага пабіцьця, а таксама хто распаўсюдзіў відэа з камэнтаром Кадырава-старэйшага, можна прыцягнуць да адказнасьці адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Расеі. Аднак супрацоўнікі паліцыі ў Грозным вырашылі адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Чачэнскімі паліцыянтамі была праведзеная праверка, па выніках якой яны прыйшлі да такога рашэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кадыраў даў сваёй дачцэ званьне народнай артысткі Чачэніі і вырашыў прызначыць яе віцэ-прэм’еркай
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У зьбітай у Чачэніі журналісткі Мілашынай зафіксавалі 14 пераломаў