Лукашэнкаўскія прапагандысты проста зацыкліліся на тэме выбараў у Польшчы. Галасаваньне там адбудзецца 15 кастрычніка. І няма дня, каб прапаганда не згадала пра гэтыя выбары ў сваіх эфірах.
Рэжыму ў Беларусі патрэбная больш лагодная да іх партыя, якая б адкрыла ўсе памежныя пераходы, скасавала санкцыі, пачала б дыялёг, адмовілася б падтрымліваць дэмакратычныя сілы і не давала б прытулку сотням тысячам беларусаў. Пасьля пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе Польшча рабіла ўсё наадварот, чым жадаў Лукашэнка. Дык давайце разьбярэмся, ці ў стане выбары 15 кастрычніка ашчасьлівіць рэжым Лукашэнкі.
Хто ўвогуле мае шанец увайсьці ў Сэйм Польшчы?
На сёньня гэта 5 палітычных сілаў: кіроўная кансэрватыўная партыя «Права і Справядлівасьць» або скарочана PiS, на чале зь Яраславам Качыньскім. Асноўны канкурэнт PiS — «Грамадзянская кааліцыя» (Koalicja Obywatelska). Вядучай сілай у ёй зьяўляецца памяркоўна-лібэральна партыя «Грамадзянская Плятформа» (Platforma Obywatelska), якую ўзначальвае Дональд Туск. Апрача PO, у кааліцыі невялікія партыі левага або лібэральнага ўхілу.
Затым ідуць «Левыя» (Lewica), пасьля іх цэнтрысцкая кааліцыя «Трэці шлях» (Trzecia droga) і права-нацыяналістычная кааліцыя «Канфэдэрацыя» (Konfederacja). Іншыя сілы, як сьведчаць сацыялягічныя дадзеныя, ня ў стане пераадолець выбарчы парог. У Польшчы гэта — 5%.
Хто мае найбольшыя шанцы перамагчы?
На сёньня гэта «Права і Справядлівасьць». Гэтая кансэрватыўная партыя кіруе Польшчай ужо амаль 8 год. Часам яе называюць правай, часам нацыяналістычнай, а часам і папулісцкай. З 2003 году яе ўзначальвае Яраслаў Качынскі.
ПіС — падтрымлівае статус Польшчы як краіны НАТО, стратэгічны саюз з ЗША і чальцоўства ў Эўразьвязе. Частка палітыкаў партыі публічна крытыкуе Эўразьвяз за празьмерны ўплыў на краіны супольнасьці, а Эўразьвяз у сваю чаргу ўводзіў санкцыі супраць Польшчы за судовую рэформу. Таму часам ПіС часам называюць эўраскептычнай. Але трэба разумець, што гэтая партыя ніколі не заклікала выйсьці з эўрасупольнасьці і нічога не рабіла ў гэтым напрамку.
- Урад «Права і Справядлівасьці» выступае за моцную падтрымку Ўкраіны, прымае мільёны ўкраінскіх уцекачоў.
- Урад ПіС спрыяе і беларусам, якія пакідаюць краіну праз рэпрэсіі, небясьпеку і горшы ўзровень жыцьця.
- ПіС крытыкуе Лукашэнку і Пуціна.
- Паводле сацыялягічных апытаньняў, за ПіС сёньня гатовая прагаласаваць больш за траціну палякаў.
Гэтага можа быць недастаткова, каб кіраваць самастойна і тады ПіСу давядзецца стварыць кааліцыйны ўрад. Упэўнена можна сказаць, што такім партнэрам па кааліцыі ня стане «Грамадзянская плятформа» — галоўны канкурэнт «Права і Справядлівасьці». Хаця ў лукашэнкаўскім прапагандыстаў чамусьці ёсьць вялікія спадзяваньні на Дональда Туска.
Але заявы, што пры Дональдзе Туску палітыка Польшчы ня будзе такой прынцыповай як сёньня — фантазіі. «Грамадзянская Плятформа», так як і «Права і Справядлівасьць», мае свае карані ў антыкамуністычным руху «Салідарнасьць».
- Партыя ўжо 8 год кіравала Польшчай і яе стаўленьне да Лукашэнкі ні чым адрозьнівалася ад стаўленьня ПіСу.
- А Дональда Туска яшчэ ў сярэдзіне 2000-х нават уносілі ў чорны сьпіс у Беларусі, нібыта ён уяўляе пагрозу канстытуцыйнаму ладу ў Беларусі. «Грамадзянская плятформа» таксама падтрымлівала беларускія дэмакратычныя сілы і незалежныя СМІ.
- Ва ўнутрыпольскай палітыцы гэтая партыя больш лібэральная, чым ПіС, як у сьветапоглядных пытаньнях, так і эканоміцы. Яна і больш праэўразьвязаўская. Але адносна беларускага пытаньня або падтрымкі Ўкраіны паміж партыяй Туска і ПіСам няма розьніцы.
За «Грамадзянскую кааліцыю» сёньня гатовыя прагаласаваць 26% палякаў.
У «Левых» і «Трэцяга шляху» стаўленьне да падзеяў у Беларусі ідэнтычнае. Адзін ль лідэраў «Левых» — дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Робэрт Бедрань. Ён узначальвае там групу дэпутатаў, якая акурат і займаецца сувязямі зь Беларусьсю, але дэмакратычнай, а не лукашэнкаўскай. Самому Бедраню раней таксама адмаўлялі ва ўезьдзе ў Беларусь. А адзін зь лідэраў «Трэцяга шляху» Шымон Галоўня публічна заклікаў уладу Польшчы падтрымліваць беларусаў, якія зазнаюць перасьлед на радзіме.
Паводле апытаньняў, за «Трэці шлях» гатовыя аддаць свае галасы 9% палякаў.
Тэарэтычна, калі «Праву і Справядлівасьці» ня будзе хапаць галасоў для самастойнай улады ў Польшчы, палітыкі Трэцяга шляху не выключаюць кааліцыі з ПіСам. Але пры ўмове, што ў кааліцыі ня будзе «Канфэдэрацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне: 45% беларусаў, якія зьехалі ў Польшчу, плянуюць застацца там жыць«Канфэдэрацыя» — гэта кааліцыя нацыяналістаў, эўраскептыкаў, правых з антыўкраінскай і часам прарасейскай рыторыкай. Палітыкі «Канфэдэрацыі» выступалі з антысэміцкімі заявамі. Гэта так званая антысыстэмная палітычныя сіла. Некаторыя палітыкі «Канфэдэрацыі» пазытыўна выказваліся ў адрас Лукашэнкі і ня былі заўважаныя ў падтрымцы дэмакратычных сілаў у Беларусі. Калі б яны перамаглі і стварылі ўрад, то магчыма сытуацыя беларусаў у Польшчы магла б зьмяніцца. Але па апытаньнях за «Канфэдэрацыю» гатовыя прагаласаваць каля 10% палякаў. Самастойны ўрад яны ня ў стане стварыць. Увайсьці ў кааліцыю, тэарэтычна, могуць з ПіСам, але адназначна ніхто гэтага не пацьвярджае. Але нават там яны былі б усяго адной з частак ураду і не маглі б самастойна нічога вырашаць.
Інтрыга выбараў у Польшчы ў тым, што ніводная з палітычных сілаў ня ў стане самастойна стварыць урад. Давядзецца дамаўляцца і ісьці на кампрамісы. Але як паказвае практыка прынамсі апошніх 20 год, які б урад у Польшчы не кіраваў, панадпартыйным кампрамісам, які не нават не абмяркоўваўся, была падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі генэрал: Пакуль Пуцін будзе кантраляваць Лукашэнку, ніякія санкцыі і эмбарга не дадуць плёну«Тлумачым з Гурневічам»
Штотыдзень журналіст Свабоды Дзьмітры Гурневіч выкрывае фэйкі і маніпуляцыю прапагандыстаў Аляксандра Лукашэнкі і расейскіх СМІ.
Крок за крокам мы аналізуем факты, з усьмешкай разьбіраем дэзынфармацыю і паказваем, што насамрэч адбываецца.
Місія Радыё Радыё Свабода — несьці дэмакратычныя каштоўнасьці праз дакладныя, нецэнзураваныя навіны і адкрытыя дыскусіі. Першая неабходная ўмова дэмакратыі — гэта добра інфармаванае грамадзтва.
У праекце «Тлумачым з Гурневічам» мы заахвочваем нашу аўдыторыю ставіцца да інфармацыі крытычна, правяраць яе дакладнасьць і не прымаць на веру без належнага аналізу.
Як глядзець на YouTube
Новыя выпускі праекту выходзяць кожны чацьвер.
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Радыё Свабода», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.