Пра сытуацыю вакол памятнага знаку піша «Наша ніва».
Паводле дырэктаркі каледжу Любові Хмялеўскай, усталяваньне памятнага знака ў 2016 годзе ўспрымалася «патасна, радасна і годна», але калі ў 2020 годзе пачалася вайна, стаўленьне людзей да словаў «Жыве Беларусь» зьмянілася на нэгатыўнае: зьявіліся патрабаваньні іх прыбраць, былі нават пагрозы каледжу аб мінаваньні, сьцьвярджае дырэктарка.
«Ставілі пакеты зь невядомым зьмесьцівам, і мы выклікалі сапэраў, міліцыю. Таму я хвалююся за студэнтаў. Мне страшна ўзяць грэх на душу, каб зьняць са сьцяны партрэты загінулых хлопцаў, але мне трэба абараніць сваіх студэнтаў», — патлумачыла сваю пазыцыю Любоў Хмялеўская.
Яна настойвае, што дакумэнтаў на ўсталяваньне памятнага знака няма і што рашэньне пра яго лёс мусіць прыняць распарадчык маёмасьці — гарадзкая адміністрацыя. Паводле яе, інфармацыйныя дошкі пра загінулых добраахвотнікаў дэмантаваць ніхто не зьбіраецца, прыбяруць толькі антураж вакол іх.
«На гэты момант так. Ніхто нічога кепскага ня хоча зрабіць, таму, калі можна супакоіць [сытуацыю], то супакойце, а мы працуем над гэтым. Стаўленьне [да памятнага знака] падзялілася, але і сытуацыя цяпер зьмянілася. Словы [«Жыве Беларусь»] раздражняюць людзей», — заявіла Любоў Хмялеўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве пашкоджаны мэмарыял беларусам, якія загінулі за ЎкраінуКіраўніца дабрачыннага фонду «Валошка» Анжэла Душаева настойвае, што дэмантаж памятнага знака пачалі на загад рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну. Паводле яе, валянтэры фонду гутарылі з дырэктаркай каледжу, якая і ім заявіла, што на ўсталяваньне знаку няма дакумэнтаў.
Актывістка настойвае, што дакумэнты ёсьць: гарадзкая адміністрацыя Кіеву дазволіла суполцы вэтэранаў АТА ўсталяваць памятны знак на сьцяне каледжу. Рэктар унівэрсытэту таксама падпісваў дакумэнт, якім фіксавалася згода.
Фонд «Валошка» даслаў скаргі ў пракуратуру, службу бясьпекі і Міністэрства адукацыі Ўкраіны, а таксама ў Кіеўскую гарадзкую адміністрацыю.
Зь Міністэрства адукацыі Ўкраіны «Нашай ніве» адпісалі, што яно «ня мае паўнамоцтваў рэгуляваць разьмяшчэньне або дэмантаж памятных знакаў на тэрыторыях ВНУ» і параілі зьвярнуцца да іх адміністрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта правакацыя, якую мае расьсьледаваць СБУ». Актывісты маюць намер аднавіць знак беларусам у Кіеве і ведаюць, хто яго дэмантаваў- 1 кастрычніка стала вядома, што ў Кіеве пашкодзілі памятны знак беларусам, якія загінулі за Ўкраіну, адкрыты ў 2016 годзе на вуліцы Беларускай: з помніка зьніклі надпісы «Слава Ўкраіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сьцягі Беларусі і Ўкраіны.
- Мэмарыял, які ўрачыста адкрылі ў сакавіку 2016 году, ушаноўвае памяць Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у 2014 годзе падчас «Рэвалюцыі годнасьці», а таксама тых беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў.
- Яшчэ да маштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у баях на ўсходзе Ўкраіны загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва ўкраінскіх Узброеных сілах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.