Сілавікі затрымалі блогера Лінскага
На відэа, зьнятым сілавікамі, блогер Аляксандар Лінскі кажа, што нібыта ў 2020 годзе запісваў відэа, у якіх расказваў, як пазьбегнуць затрыманьняў на акцыях пратэсту, а таксама «спадзяваўся, што Сьвятлана Ціханоўская стане прэзыдэнткай», паведамляе «Вясна».
Маладога біятляніста асудзілі на 20 гадзін грамадзкіх работ за лайк у Instagram Радыё Свабода
Маладога біятляніста з аграгарадка Дабрамысьлі Лёзьнескага раёна асудзілі на 20 гадзін грамадзкіх работ за «экстрэмізм». На пастанову ў банку судовых рашэньняў зьвярнуў увагу тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Згодна з пастановай, хлопца судзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Яго абвінавацілі ў тым, што ён паставіў лайк публікацыі Радыё Свабода ў Instagram. У выніку яму далечы 20 гадзін грамадзкіх прац і канфіскавалі мабільны тэлефон.
Як піша тэлеграм-канал, жыхар аграгарадка Дабрамысьлі Ільля Самохін — неаднаразовы герой лёзьненскай раёнкі, абласной газэты і нават стужкі навін сайта мясцовага райвыканкаму. Са школьнай лавы ён прадстаўляў вобласьць у юнацкіх спаборніцтвах па біятлёне.
Сілавікі затрымалі яшчэ адну супрацоўніцу кампаніі «ЮрСпектр»
Затрымалі яшчэ адну супрацоўніцу юрыдычнай кампаніі «ЮрСпектр» — вядучага спэцыяліста, паведаміў тэлеграм-канала ГУБАЗіК. З дзяўчынай запісалі «пакаяльнае» відэа, на якім прымусілі агучыць на камэру свой заробак, сказаць, што яна ў жніўні 2020 года ўдзельнічала ў пратэстах і «пакідала нэгатыўныя камэнтары ў сацыяльных сетках у бок міліцыі і дзейнай улады — за гэта затрыманая».
28 верасьня стала вядома пра затрыманьне намесьніцы выканаўчага дырэктара «ЮрСпектра». Яе таксама прымушалі агучыць заробак. Што ёй ставяць у віну, сілавікі не ўдакладнілі, але, як звычайна, абурыліся тым фактам, што пры такім заробку жанчына магла быць чымсьці незадаволеная.
Асуджанага на 5,5 года калёніі Лянкевіча перавялі на турэмны рэжым
Асуджанага на 5,5 года калёніі гарадзенца Ягора Лянкевіча перавялі на турэмны рэжым, піша «Вясна».
Паседжаньне аб зьмене рэжыму прайшло 5 верасьня, але пра яго вынікі стала вядома толькі цяпер. Лянкевіч адбываў пакараньне ў наваполацкай калёніі № 1.
Гарадзенца затрымалі 9 сьнежня 2021 году, у сакавіку 2022 году суд Маскоўскага раёну Менску прысудзіў яму 5,5 года ў калёніі па абвінавачваньні ў грубым парушэньні парадку і ўдзеле ў масавых беспарадках.
У чэрвені 2022 году КДБ уключыў Лянкевіча ў сьпіс «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 кастрычніка: Сілавікі затрымалі салігорца за перапіску з батальёнам «Тэрор»