У Грузіі пачаліся першыя ў гісторыі краіны судовыя слуханьні аб імпічмэнце прэзыдэнткі

Пасяджэньне Канстытуцыйнага суду Грузіі па справе аб імпічмэнце прэзыдэнткі Саломэ Зурабішвілі, 3 кастрычніка 2023

Саломэ Зурабішвілі не прыехала на пасяджэньне суду, якое адбываецца ў Батумі. Але яе могуць выклікаць.

Канстытуцыйны суд Грузіі пачаў першыя ў гісторыі краіны слуханьні аб імпічмэнце прэзыдэнткі Саломэ Зурабішвілі, які ініцыявала кіроўная партыя «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» за нібыта парушэньне 52 артыкула Канстытуцыі аб прадстаўніцкіх паўнамоцтвах кіраўніка краіны.

Як паведаміў праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа», Саломэ Зурабішвілі не прыехала на пасяджэньне суду, якое адбываецца ў Батумі.

У камэнтары журналістам прэзыдэнтка Грузіі сказала: «Што будзе, тое будзе, а ўсё будзе добра». На сваёй старонцы ў Facebook яна паведаміла, што цалкам давярае сваім прадстаўнікам у Канстытуцыйным судзе.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Мэраб Турава пазьней паведаміў, што Саломэ Зурабішвілі могуць выклікаць у суд.

Паводле нацыянальнага заканадаўства Грузіі, для імпічмэнту Зурабішвілі патрэбна падтрымка 100 дэпутатаў. Цяпер у складзе парлямэнту 140 дзейных дэпутатаў, у тым ліку 84 — парлямэнцкая большасьць і 56 — апазыцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіроўная партыя Грузіі запускае працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта

Саломэ Зурабішвілі стала прэзыдэнткай Грузіі ў сьнежні 2018 году. Яна нарадзілася ў Францыі ў сям’і грузінскіх палітычных эмігрантаў і каля 30 гадоў працавала дыпляматам у Міністэрстве замежных спраў Францыі. У Грузію яна вярнулася ў 2003 годзе: спачатку ў якасьці амбасадара Францыі, а ў сакавіку 2004 году стала кіраўніком МЗС Грузіі ва ўрадзе Міхэіла Саакашвілі.

Тады ж яна атрымала грузінскае грамадзянства, хоць і захавала францускі пашпарт. У 2013 годзе менавіта праз другое францускае грамадзянства Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ёй у рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. У 2018 годзе яна адмовілася ад францускага пашпарта і атрымала рэгістрацыю для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

У кастрычніку 2005 году Саломэ Зурабішвілі адправілі ў адстаўку з пасады кіраўніка МЗС, пасьля чаго яна перайшла ў апазыцыю Міхэілу Саакашвілі. У 2018 годзе яна фармальна вылучалася як незалежны кандыдат, але яе кандыдатуру наўпрост падтрымала партыя «Грузінская мара», якая цяпер ініцыявала імпічмэнт.

У сакавіку 2023 году прэзыдэнтка Грузіі падтрымала пратэстоўцаў супраць закону аб замежных агентах, які ініцыявала кіроўная партыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Батумі зноў пратэстуюць супраць заходу лайнэра з турыстамі з Расеі. ФОТА