Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку чарговага этапу праверкі баявой здольнасьці Ўзброеных сіл.
Як паведаміла прэсавая служба ведамства ў тэлеграм-канале, праверку распачалі паводле даручэньня Аляксандра Лукашэнкі.
Кіруе вучэньнямі дзяржаўны сакратарыят Савету бясьпекі Беларусі.
«Праверка мае комплексны характар і дазволіць вызначыць гатоўнасьць вайсковых частак і падразьдзелаў выконваць задачы паводле прызначэньня. Войскі ў кароткія тэрміны ажыцьцявяць маршы ў выбраныя раёны з наступным выкананьнем нарматываў па прадметах баявой падрыхтоўкі. Апроч таго, вайсковая і спэцыяльная тэхніка пройдзе праверку ў кантрольных прабегах, у тым ліку па перасечанай мясцовасьці», — адзначаецца ў паведамленьні.
У часе вучэньняў вайсковая тэхніка і асабовы склад будуць перамяшчацца ў Менскай і Віцебскай абласьцях. Прадугледжваецца таксама задзейнічаць авіяцыю ў інтарэсах падтрымкі сухапутных войскаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На вучэньнях зь сіламі тэрытарыяльнай абароны Магілёўскай вобласьці адпрацуюць увядзеньне ваеннага становішчаАляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны былі ўведзеныя міжнародныя санкцыі адносна Беларусі.
Увесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі аб’явіла аб пачатку яшчэ адных комплексных вучэньняў, гэтым разам з апалчэньнем