У нейкі момант здавалася, што на выбарах чакае сюрпрыз, бо лібэральная, праэўрапейская партыя «Прагрэсіўная Славаччына» была лідэрам па выніках экзіт-полаў з 24%, крыху апярэджваючы левую папулісцкую партыю Smer былога прэм’ер-міністра Робэрта Фіца. Але па меры атрыманьня рэальных вынікаў стала відавочна, што Фіца, хутчэй за ўсё, вернецца ў якасьці лідэра краіны — празь пяць гадоў пасьля сыходу з пасады на фоне абурэньня, якое ўзьнялося пасьля забойства журналіста-расьсьледавальніка Яна Куцяка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Славаччыне ўшанавалі памяць забітага журналіста, які расьсьледаваў махлярства чыноўнікаўSmer набраў 23% галасоў, на 5 адсоткавых пунктаў больш, чым «Прагрэсіўная Славаччына», і цяпер, хутчэй за ўсё, сфармуе кааліцыйны ўрад зь невялікай правай Славацкай нацыянальнай партыяй і партыяй «Голас» (Hlas), якая заняла трэцяе месца з 15%. Яны разам маглі б сфармаваць кааліцыю зь невялікай большасьцю ў парлямэнце.
На партыю Hlas, якая адкалолася ад Smer падчас палітычнага ўзрушэньня 2018 году, варта зьвярнуць увагу. На дадзены момант яе лідэр Пітэр Пэлегрыні ня любіць свайго былога пратэжэ Фіца, але ў астатнім палітычна гэтыя дзьве партыі блізкія.
Ці можа ён патэнцыйна забясьпечыць сабе галоўны партфэль у наступным урадзе? Ці атрымаць прапанову стаць сьпікерам палаты, ці нават атрымаць падтрымку Smer, каб балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах у наступным годзе?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прарасейская папулісцкая партыя лідзіруе на выбарах у СлаваччынеКалі, як і чакалася, ён абʼяднаецца са Smer, ён, імаверна, папросіць Фіца прыцішыць антыўкраінскую рыторыку, якая была заўважаная падчас перадвыбарчай кампаніі: лідэр Smer заяўляў, што зброя больш не паступіць ва Ўкраіну, паставіў пад сумнеў лёгіку санкцыяў ЭЗ супраць Расеі, хваліў Маскву і нават паўтараў крамлёўскія наратывы пра тое, што NATO выклікала вайну і што яна пачалася пасьля таго, як «украінскія нацысты і фашысты пачалі забіваць расейскіх грамадзян на Данбасе і ў Луганску».
Нягледзячы на тое, што некаторыя афіцыйныя асобы ЭЗ былі напалоханыя такой рыторыкай, яны адзначаюць, што Фіца падчас сваёй ранейшай працы на пасадзе прэмʼер-міністра ў 2006–2010 гадах і потым у 2012–2018 гадах заўсёды прымаў пад увагу пазыцыю Брусэлю — напрыклад, пагадзіўшыся на першыя санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Расеі пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, хаця ў Браціславе казаў іншае. Ходзяць таксама чуткі, што міністрам замежных спраў могуць стаць давераныя асобы Брусэлю, такія як цяперашні пасланьнік ЭЗ на Заходніх Балканах Міраслаў Лайчак.
Ёсьць і іншыя рычагі, якія прымусяць магчымы ўрад Фіца павярнуць назад на Захад. Smer па-ранейшаму ўваходзіць у групу левацэнтрысцкіх партыяў — Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў (S&D), а гэта другая па велічыні палітычная група ў Эўрапейскім парлямэнце, і яна мае значны ўплыў за межамі Брусэлю.
Славаччыне Эўразьвяз патрэбны больш, чым Славаччына Эўразьвязу
Унутры Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў (S&D) ёсьць галасы, якія мяркуюць, што Smer трэба выключыць з альянсу, калі ён ня сьцішыць сваю прарасейскую рыторыку, гэтаксама як пару гадоў таму Fidesz Віктара Орбана быў выгнаны з правацэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыі (EPP).
Ёсьць і эканамічныя стымулы. Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту Славаччыны працягвае расьці, а інфляцыя і цэны на энэрганосьбіты па-ранейшаму высокія. Наўпрост кажучы: Славаччыне Эўразьвяз патрэбны больш, чым Эўразьвязу патрэбная Славаччына. Так што ня варта чакаць, што блізкім часам краіна пасьпяшаецца пакінуць Зьвяз, эўразону або NATO.
Эканамічныя праблемы таксама азначаюць, што ў выніку гэтых выбараў зьявіцца іншая Славаччына, якая, хутчэй за ўсё, будзе больш збліжацца з Вугоршчынай у такіх сацыяльных пытаньнях, як міграцыя і правы ЛГБТ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўропа зьняла забарону на імпарт збожжа з Украіны. Аднак некаторыя краіны не паслухаюццаМожна таксама чакаць, што Фіца будзе спрабаваць падарваць незалежнасьць судовай сыстэмы ў краіне. Толькі год таму спэцыяльны пракурор краіны разглядаў абвінавачваньні ў тым, што Фіца выкарыстоўваў канфідэнцыйныя падатковыя і паліцэйскія справаздачы супраць палітычных апанэнтаў, і ён ледзь пазьбег пазбаўленьня дэпутацкай недатыкальнасьці. Цяперашняя перамога на выбарах будзе азначаць, што ён ня трапіць за краты ў агляднай будучыні.
Эканамічныя трывогі ў спалучэньні са стомай грамадзтва ад Украіны азначаюць, што падзеі ў Славаччыне паўплываюць на далейшыя адносіны Захаду з Кіевам. Фіца зь вялікім эфэктам выкарыстаў гэта ў перадвыбарнай кампаніі. Высокія паказьнікі Smer на выбарах можна патлумачыць тым, што гэтая партыя здолела «скрасьці» галасы ў дзьвюх ультраправых груповак, «Рэспубліка» і «Мы сямʼя», якія, будучы яшчэ больш прарасейскімі, не змаглі пераадолець пяціадсоткавы выбарчы парог, нягледзячы на прагнозы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней дзясяткі тысяч выйшлі ў Варшаве на апазыцыйную дэманстрацыюДля NATO вынікі славацкіх выбараў могуць ня мець вялікага значэньня. Большая частка зброі транспартуецца ва Ўкраіну праз Польшчу. Але для ЭЗ гэта можа мець наступствы. Ці магла б Браціслава абʼяднацца з Вугоршчынай у блякаваньні дадатковага фінансаваньня з боку ЭЗ для Ўкраіны, прычым як цывільнай, гэтак і вайсковай дапамогі? Адказы на гэтыя пытаньні, імаверна, зьявяцца ў сьнежні, калі Зьвяз будзе прымаць рашэньні па іх.
А як наконт дадатковых санкцыяў ЭЗ супраць Расеі?
Вынікі выбараў у Славаччыне сталі вядомыя, калі ў ЗША было дасягнутае палітычнае пагадненьне, якое дазволіла пазьбегнуць спыненьня працы ўраду, але скараціла фінансаваньне Ўкраіны. Славацкія выбары прайшлі таксама на фоне выбарчай кампаніі ў Польшчы, у якой кіруючая партыя «Права і справядлівасьць», да нядаўняга часу заўзятая прыхільніца Ўкраіны, зрабіла шэраг крокаў і заяваў, каб спадабацца правым выбаршчыкам — ад сумневаў у неабходнасьці павялічваць пастаўкі зброі Ўкраіне да блякаваньня імпарту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Здаецца, што абяцаньне Захаду быць на баку Ўкраіны «столькі, колькі спатрэбіцца», раптам апынаецца пад сумневам.