Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», адна з ініцыятарак стварэньня ў 2016 годзе ў Кіеве мэмарыялу ў памяць аб беларусах, якія загінулі ва Ўкраіне, мяркуе, што пашкоджаньне помніка мусіць расьсьледаваць Служба бясьпекі Ўкраіны.
«Тое, што адбылося (зьнялі герб і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Ўкраіне»), гэта дакладна зрабілі ня ўлады. І на вандалізм гэта не падобна, бо ў такім выпадку хутчэй бы пашкодзілі партрэты. Гэта плянамерная правакацыя, якая можа быць выгадная толькі спэцслужбам Лукашэнкі», — сказала Свабодзе Анжэла Душаева.
Яна нагадала, што ў 2016 годзе для ўсталяваньня мэмарыялу ініцыятары атрымалі дазвол кіеўскіх уладаў.
«Будзем разьбірацца, яшчэ адны ініцыятары стварэньня помніка будуць зьвяртацца з заявай у паліцыю. Хоць гэтай справай мусіла б заняцца СБУ, каб высьветліць, каму трэба было пачынаць скандал у час ваеннага становішча. Мэмарыял нікому ніколі не перашкаджаў. Магчыма, гэта зьвязана з новай абвесткай палка Каліноўскага аб наборы ў падразьдзел», — дадала Анжэла Душаева.
Прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка» разьлічвае, што праваахоўныя органы змогуць знайсьці тых, хто гэта зрабіў, на падставе відэазапісаў з камэр, якія знаходзяцца побач з гэтым месцам.
Валянтэрка Вольга Гальчанка, якая ў 2016 годзе займалася афармленьнем дазволу кіеўскіх уладаў на ўсталяваньне помніка, паведаміла, што ён будзе адноўлены. Яна назвала цынічным пашкоджаньне мэмарыялу добраахвотнікам 1 кастрычніка, калі ва Ўкраіне адзначаюць Дзень абаронцаў.
«Нейкія ідыёты вырашылі пашкодзіць памятны знак нашым хлопцам… Сказаць, што я злая — гэта нічога не сказаць. Каму ўвогуле такое прыйшло ў галаву — у часе вайны ў Кіеве разграміць помнік загінулым добраахвотнікам?» – напісала Вольга Гальчанка на сваёй старонцы ў Facebook.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у Кіеўскую гарадзкую дзяржаўную адміністрацыю і пракуратуру, каб высьветліць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве пашкоджаны мэмарыял беларусам, якія загінулі за ЎкраінуМэрыя накіравала ў адміністрацыю Шаўчэнкаўскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца вуліца Беларуская і памятны знак. У раённай адміністрацыі на тэлефанаваньні не адказваюць.
У Кіеўскай гарадзкой пракуратуры паведамілі, што пакуль да іх ніхто не зьвяртаўся.
Крыніца Свабоды ў іншых праваахоўных органах паведаміла, што гэта ня першы інцыдэнт на мэмарыяле. Сёлета 8 жніўня на яго вылілі чырвоную фарбу. Паліцыя выяжджала на месца падзеі, але справу тады не заводзілі.
Пазьней Анжэла Душаева паведаміла Свабодзе, што актывісты разам з добраахвотнікамі наведалі каледж, на якім разьмяшчаўся мэмарыял, і сустрэліся зь яго дырэктаркай Любоўю Хмялеўскай.
«Загад атрымалі ад рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну. Зараз будзем вырашаць гэтае пытаньне празь міністэрства адукацыі і Кіеўраду», – удакладніла Анжэла Душаева.
Паводле яе, дырэктарка каледжу аргументавала дэмантаж помніка тым, што ў іх няма дазволу на ягонае ўсталяваньне.
Урачыстая цырымонія адкрыцьця помніку з удзелам ганаровай варты адбылася 28 сакавіка 2016 году. Мэмарыял ініцыявалі некалькі ўкраінскіх арганізацый, а таксама Тактычная група «Беларусь», у якую на той час былі арганізаваныя беларускія добраахвотнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы дзеці загінулі за свабоду Ўкраіны», — у Берасьці ўшанавалі памяць Алеся Чаркашына ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Героі не паміраюць». У Кіеве прайшоў марш памяці Міхася Жызьнеўскага з удзелам беларускіх уцекачоў. ФОТА