Пра гэта паведаміў парлямэнцкі статс-сакратар у Міністэрстве ўнутраных спраў і Радзімы Махмут Эздэмір у адказ на запыт дэпутата ад апазыцыйнай фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў Штэфана Роўэнхофа.
Парлямэнтарый пацікавіўся, ці вядома ўраду аб указе № 278, які пазбаўляе беларускіх эмігрантаў права падаўжаць і мяняць свае пашпарты ў замежных установах, і ці плянуецца даць беларусам, якім можа пагражаць турма ў выпадку ўезду ў сваю краіну, магчымасьць без бюракратычных затрымак у Нямеччыне.
У адказ Эздэмір спаслаўся на закон аб знаходжаньні, які для выдачы такіх дакумэнтаў патрабуе наяўнасьці ў заяўніка пашпарта.
«Пры адсутнасьці прызнанага і сапраўднага пашпарта або дакумэнта, які яго замяняе, адказны іміграцыйны орган на падставе заканадаўчых норм (§ 5 Правілаў знаходжаньня) у кожным канкрэтным выпадку вызначае, ці можа быць выдадзены нямецкі дакумэнт, які замяняе пашпарт», — паведаміў статс-сакратар.
У згаданым параграфе («Агульныя патрабаваньні да афармленьня праязных дакумэнтаў для іншаземцаў»), у прыватнасьці, гаворыцца, што іншаземцу можа быць выдадзены дакумэнт, калі ён «дакладна не мае пашпарта або яго заменьніка і ня можа атрымаць яго дапушчальным спосабам».
Ўлады Нарвэгіі адказалі, як будуць разглядаць заявы грамадзян з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі
У Нарвэгіі будуць індывідуальна разглядаць заявы грамадзян з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі аб атрыманьні дакумэнтаў.
Іміграцыйныя службы Нарвэгіі будуць у індывідуальным парадку разглядаць заявы грамадзян з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі аб атрыманьні нарвескіх дакумэнтаў.
Гэта вынікае з адказу Міністэрства юстыцыі і грамадзкай бясьпекі гэтай дзяржавы на запыт Нарвескага Хэльсінкскага камітэта.
У заяве ведамства зазначаецца, што «асобы, якія атрымалі абарону ў Нарвэгіі, маюць права на нарвэскія праязныя дакумэнты (праязны дакумэнт для ўцекачоў)». Гэта палажэньне распаўсюджваецца на тых, хто «падвяргаецца рызыцы перасьледу з боку ўладаў роднай краіны» і ня можа зьвярнуцца ў яе дзяржаўныя органы для вырашэньня тых ці іншых пытаньняў.
Што датычыцца грамадзян Беларусі, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяньня пашпарта, падкрэсьлілі ў Мінюсце, то «пашпарт імігранта» ім можа быць выдадзены пасьля разгляду адпаведнага запыту «ў кожным асобным выпадку».
У ведамстве падкрэсьлілі, што ўладам Нарвэгіі добра вядома сытуацыя ў Беларусі, і гэтая інфармацыя будзе прымацца да ўвагі пры разглядзе зваротаў.
30 верасьня іміграцыйныя службы ФРГ заявілі, што будуць разглядаць заявы грамадзян з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі аб атрыманьні нямецкіх дакумэнтаў у індывідуальным парадку.
Пашпартны ўказ Лукашэнкі
4 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты.
Акрамя таго, адменена права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, у тым ліку нерухомасьць і аўтамабілі. Такія зьдзелкі можна будзе зьдзяйсьняць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармляліся ў дыппрадстаўніцтвах).
Беларускія дэмакратычныя структуры, Эўразьвяз, ЗША, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі ўказ, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.
Офіс дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай вядзе перамовы з кіраўніцтвам Эўрапейскага зьвязу аб спрашчэньні легалізацыі беларусаў на яго тэрыторыі і рэалізуе ідэю выдачы і прызнаньня «пашпартоў новай Беларусі». Пачатак выдачы такіх пашпартоў заплянаваны на 2024 год. «Наш новы пашпарт пацьвердзіць, што яго ўладальнік — грамадзянін Беларусі, які пражывае ў выгнаньні», — заявіла Ціханоўская 11 верасьня ў Стакгольме, выступаючы перад прадстаўнікамі Швэцыі ў парлямэнцкіх асамблеях Рады Эўропы і Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН заклікалі абараніць беларускіх эмігрантаў ад дэпартацыі ў выпадку пратэрмінаваньня іхных пашпартоў