Кіеў заклікаў акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў не ўдзельнічаць у «прапагандысцкай паездцы» да перамешчаных украінскіх дзяцей

Дзеці з акупаванай расейцамі часткі ўкраінскага Данбасу — у брыгадзе сілаў спэцыяльных апэрацыяў МУС Беларусі, Менск.

«4 кастрычніка беларускі бок мае намер арганізаваць наведваньне прадстаўнікамі дыпляматычнага корпуса, акрэдытаванага ў Менску, г. зв. „месцаў пражываньня, навучаньня і аздараўленьня“ украінскіх дзяцей у Беларусі, якія былі вывезены з часова акупаваных Лісічанску і Севераданецку», — паведаміла МЗС.

Паводле заявы МЗС Украіны, мерапрыемства «перасьледуе мэту легалізацыі незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны». У сувязі з гэтым падкрэсьліваецца, што ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя дзяцей «можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства».

«Каб пазьбегнуць адказнасьці, службовыя асобы ў Беларусі спрабуюць прыкрыцца міжнароднымі прадстаўнікамі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Украінскае МЗС заклікае замежныя дзяржавы, дыпляматычныя прадстаўніцтвы якіх атрымалі адпаведныя запрашэньні, «устрымацца ад удзелу ў прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму».

«Як на ўзроўні нацыянальнага расьсьледаваньня, так і ў рамках расьсьледаваньня Міжнароднага крымінальнага суда працягнем работу для прыцягненьня да адказнасьці ўсіх асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць украінскіх дзяцей», — падкрэсьлівае зьнешнепалітычнае ведамства Ўкраіны.

27 ліпеня пастаянны прадстаўнік Украіны пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Сяргей Кісліца на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН паведаміў, што ў Беларусь з акупаванага Данбаса было вывезена больш за 3 тыс. украінскіх дзяцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС пераконвалі замежных дыпляматаў, што законна вывозяць украінскіх дзяцей у Беларусь. Дыпляматы ў адказ нагадалі пра ордэр з Гаагі

11 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўкраінскія дзеці «прыяжджаюць у Беларусь па цішыню», каб «не чуць гэтых разрываў, не бачыць гэтых сьмерцяў, гэтага голаду».

«І тое, што заходнікі спрабуюць узбудзіць спачатку па Пуціне, цяпер па мне сытуацыю ў сьвеце — ледзь не да крымінальнай адказнасьці прывесьці — гэта проста сьмешна, я абсалютна за гэта не хвалююся», — сказаў ён.

«Наадварот, мы разумеем, што так трэба дзейнічаць, — дадаў Лукашэнка. — Дзеці ні ў чым не вінаватыя. І мы дамовіліся з Пуціным, што будзем фінансаваць гэтыя паездкі з саюзнага бюджэту. Мы гэта рабілі і будзем рабіць, ня гледзячы ні на якія папрокі».

  • 17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію.
  • Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне (НАУ) на чале з намесьнікам старшыні Абʼяднанага пераходнага кабінэта Паўлам Латушкам падрыхтавала справаздачу па фактах перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
  • 27 чэрвеня каманда НАУ паведаміла аб перадачы ў МУС у Гаазе «доказаў ваенных злачынстваў». У якасьці фігурантаў пазначаны ў тым ліку Лукашэнка.
  • Камітэт Эўрапейскага парлямэнта па замежных справах 18 ліпеня ўхваліў даклад, у якім заклікаў МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Даклад зацьверджаны ЭП 13 верасьня.