Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе суду.
Армэнія патрабуе ад Азэрбайджану даць магчымасьць пакінуць Нагорны Карабах усім ахвочым, а таксама забясьпечыць доступ супрацоўнікаў ААН і Чырвонага Крыжа да армянскага насельніцтва рэгіёну, аднавіць яго камунальную сыстэму і прызнаць сапраўднымі акты цывільнага стану, выдадзеныя ўладамі Нагорнага Карабаху.
У Ерэване чакаюць, што Баку «ўстрымаецца ад прыняцьця карных мераў супраць дзейных або былых палітычных прадстаўнікоў або вайскоўцаў Нагорнага Карабаху». Акрамя таго, армянскі бок унёс у тэкст пазову патрабаваньне аб вывадзе азэрбайджанскіх вайскоўцаў і прадстаўнікоў праваахоўных органаў з цывільных аб’ектаў у рэгіёне, занятых імі пасьля 19 верасьня. Армэнія таксама настойвае на забароне зносу і ўнясеньня зьменаў у помнікі армянскай культурнай спадчыны ў рэгіёне, у тым ліку мэмарыялы памяці ахвяраў генацыду армян у Асманскай імпэрыі ў 1915 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць жыхароў Карабаху, якія ўжо выехалі ў Армэнію, набліжаецца да 100 тысяч- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам наконт Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная ў асноўным этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году аб’явіла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі».
- За пэрыяд узброенага канфлікту 1988–1994 году ў сэпаратысцкім рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, у асноўным этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» афіцыйна не прызнаная ніводнай зь дзяржаваў — чальцоў ААН, у тым ліку Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з рэгіёну Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- У канцы 2020 году Азэрбайджан у выніку 44-дзённай вайны вярнуў пад кантроль значную частку Карабаху. Баку і Ерэван падпісалі пагадненьне аб спыненьні агню, але мірная дамова дагэтуль не падпісаная.
- 19 верасьня Азэрбайджан абвінаваціў праармянскія сілы ў тэрарызьме і абстрэлах азэрбайджанскіх пазыцыяў. Азэрбайджанская армія пачала ваенную апэрацыю ў рэгіёне. Праз суткі ўлады непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі капітулявалі на ўмовах Баку. Азэрбайджанскія ўлады пры гэтым паабяцалі поўнае захаваньне правоў і рэінтэграцыю тых жыхароў, якія вырашаць застацца ў Карабаху.
- 28 верасьня кіраўнік непрызнанага Нагорнага Карабаху Самвэл Шахраманьян падпісаў указ аб спыненьні існаваньня рэспублікі з 1 студзеня 2024 году.
- Пасьля гэтага ў Армэнію вымушана зьехалі ўжо каля 100 тысяч жыхароў Нагорнага Карабаху.