Літоўскія настаўнікі ад 29 верасьня пачынаюць страйк з патрабаваньнем павысіць заробак на 20% цяпер і яшчэ на 30% — у студзені наступнага году. Таксама сярод іх патрабаваньняў зьмяншэньне колькасьці вучняў у клясах, піша Delfi.lt.
Ад 29 верасьня настаўнікі будуць ісьці пешшу ад сваіх гарадоў у Вільню да Дому ўраду.
Сярэдні заробак настаўнікаў у Літве да выплаты падаткаў — 2200 эўра.
У Беларусі сярэдні заробак настаўнікаў да выплаты падаткаў складае 1572,4 рубля, ці 454 эўра. Гэта амаль у 5 разоў меней, чым у Літве.
Калі параўноўваць літоўскі заробак настаўнікаў пасьля выплаты падаткаў (каля 1400 эўра), то ён утрая большы за беларускі.
У Беларусі цяпер працуюць 105,1 тысячы настаўнікаў, 86,8% зь іх — жанчыны. У беларускім Рэспубліканскім банку вакансій ад Міністэрства працы і сацыяльнай абароны цяпер больш за паўтысячы вакансій для настаўнікаў. Заработнай платы хаця б як палова сярэдняга літоўскага настаўніцкага заробку сярод іх няма.
У 2020 годзе многія беларускія настаўнікі далучаліся да пратэстаў і звальняліся са школ, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў. Пры гэтым некаторыя настаўнікі ўваходзілі ў склад выбарчых камісій.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заявілі пра рост другаснай нелегальнай міграцыі зь Беларусі праз Латвію ў 20 разоў