З 11 верасьня ў Літву забаронена ўвозіць любыя транспартныя сродкі, якія зарэгістраваны ў Расеі і маюць расейскія нумарныя знакі. Забарона распаўсюджваецца на гэтыя аўтамабілі незалежна ад грамадзянства іх уладальніка ці кіроўцы, а таксама калі яны прызначаны для часовага карыстаньня.
Выключэньне дзейнічае для грамадзян Расеі, якія едуць у Калінінградзкую вобласьць або зь яе на транспартных сродках, зарэгістраваных у Расеі і якія маюць транзытны дакумэнт.
Працягласьць такога транзыту праз тэрыторыю Літвы не павінна перавышаць 24 гадзін. Калі аўтамабіль ня будзе суправаджаць уладальнік, то яго не прапусьцяць на тэрыторыю Літвы.
Таксама мытня Літвы запатрабавала ад уладальнікаў аўтамабіляў з расейскімі нумарамі вывезьці іх з тэрыторыі краіны і Эўразьвязу на працягу шасьці месяцаў.
Літоўская мытня папярэдзіла, што ў выпадку парушэньня закону ўлады могуць накласьці штраф і/ці канфіскаваць аўтамабіль.
Эўракамісія раней абнавіла інтэрпрэтацыю санкцыйнага заканадаўства, тлумачэньне было выпушчанае пасьля выпадкаў, калі ў Нямеччыне пачалі арыштоўваць аўтамабілі з нумарамі Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія і Латвія забаранілі ўезд аўтамабіляў з расейскімі нумарамі. Да чаго гэта можа прывесьці?Раней Латвія, Нарвэгія, Фінляндыя, Польшча і Эстонія таксама забаранілі ўяжджаць на сваю тэрыторыю машынам з расейскімі нумарамі. Улады Фінляндыі ўдакладнілі, што забарона не закране грамадзян і сем'і Эўразьвязу і Эўрапейскай эканамічнай зоны, у тым ліку з другім грамадзянствам, якія пастаянна жывуць у Расеі. Таксама абмежаваньні не распаўсюджваюцца на аўтамабілі з дыпляматычнымі нумарамі і машыны, якія зьдзяйсьняюць гуманітарныя перавозкі.
Міністэрства юстыцыі Латвіі, як сталі вядома на мінулым тыдні, рыхтуе законапраект, які дазволіць канфіскоўваць аўтамабілі з расейскімі і беларускімі нумарамі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Аўтамабіль будзе канфіскаваны, калі ён ня пройдзе перарэгістрацыю ці не пакіне краіну на працягу трох месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя Латвіі будзе штрафаваць за надпісы «Я русский» на аўтамабілях ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла ўезд легкавых аўтамабіляў з расейскімі нумарамі