Партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт знайшлі ў фуры, якая прыбыла ў Літву праз пункт пропуску «Райгорад» (зь беларускага боку «Прывалка») 21 верасьня, паведаміла літоўская мытня.
Цыгарэты везьлі зь Беларусі пад выглядам пялетаў з шалупіньня сланечніка. Грузавым аўтамабілем кіраваў грамадзянін Беларусі. Ён заявіў, што вязе 20,5 тоны пялетаў у Польшчу транзытам празь Літву. Аўтамабіль адправілі на сканаваньне, бо мытнікі западозрылі, што замест заяўленага грузу перавозіцца кантрабанда. Як выявілася, за мяхамі зь пялетамі былі схаваныя каробкі з цыгарэтамі.
Канфіскавалі 900 тысяч пачкаў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт ацанілі ў 3, 7 млн эўра. Кіроўцу затрымалі, але пазьней вызвалілі пад заклад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва ацэньвае магчымасьць закрыцьця іншых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з кантрабандай- 25 жніўня міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце заявіла, што ў Літве ацэньваюць магчымасьць закрыцьця дадатковых пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з кантрабандай.
- У канцы жніўня ў Літве перахапілі буйную партыю з амаль мільёна пачкаў кантрабандных беларускіх цыгарэт. 6 жніўня літоўскія мытнікі затрымалі груз з 891 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт (коштам каля 3,5 млн эўра), 29 ліпеня партыю ў мільён пачкаў цыгарэт (коштам больш за 4 мільёны эўра), 30 чэрвеня – 850 тысяч пачкаў нелегальных цыгарэт.
- Агулам за першае паўгодзьдзе 2023 году літоўская мытня затрымала амаль 6,5 млн пачкаў беларускіх цыгарэт і 32 тон тытуню. Агульны кошт кантрабанды перавышае 26 млн эўра. Паводле Крымінальнай мытнай службы Літвы, 82% цыгарэт, якія з пачатку 2023 году трапілі ў Літву кантрабандным шляхам, выраблена ў Беларусі.