Генсакратар NATO і міністры абароны Вялікай Брытаніі і Францыі наведалі Кіеў

Енс Столтэнбэрг (зьлева) і Ўладзімір Зяленскі ў Кіеве, 28 верасьня 2023 году

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 28 верасьня прыбыў зь неабвешчаным візітам у Кіеў. Там ён сустрэўся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

На сумеснай прэс-канфэрэнцыі Енс Столтэнбэрг адзначыў, што ўкраінскія вайскоўцы, ведучы контранаступ на расейскія войскі, паступова заваёўваюць пазыцыі. Паводле Столтэнбэрга, краіны-сябры вайсковага альянсу заключылі рамачныя кантракты на пастаўку Ўкраіне боепрыпасаў на суму амаль два з паловай мільярды эўра.

Таксама Столтэнбэрг заявіў, што Ўкраіна «сёньня бліжэй да NATO, чым калі-небудзь». Ён вітаў тое, што ўсе сябры Альянсу пагадзіліся, што Ўкраіна далучыцца да NATO, і зьвярнуў увагу на тры гістарычныя рашэньні, прынятыя на Віленскім саміце, каб дапамагчы ўвасобіць гэта ў рэальнасьць.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў журналістам, што Столтэнбэрг пагадзіўся дапамагчы Кіеву ў атрыманьні большай колькасьці сыстэмаў СПА. Зяленскі падкрэсьліў неабходнасьць узмацніць супрацьпаветраную абарону Ўкраіны і заявіў, што толькі мінулай ноччу краіну атакавалі больш за 40 дронаў «Шахед».

Акрамя Столтэнбэрга, сёньня ў Кіеў прыбылі міністар абароны Францыі Сэбастыян Лекарню ў суправаджэньні прадстаўнікоў двух дзясяткаў прадпрыемстваў абароннай прамысловасьці, а таксама начальнік Штабу абароны Вялікай Брытаніі адмірал Тоні Радакін. Пра сустрэчу з апошнім паведаміў камандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валерый Залужны. Паводле Залужнага, на перамовах гаворка ішла пра надзённыя патрэбы ўкраінскага войска і неабходнасьць узмацненьня ўкраінскай СПА.

Нядаўна прызначаны міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, у сваю чаргу, сустрэўся ў Кіеве з новым міністрам абароны Вялікай Брытаніі Грантам Шэпсам, які адразу пасьля прызначэньня заявіў аб падтрымцы Кіева. Як піша Умераў у Фэйсбуку, ён таксама праінфармаваў свайго калегу пра тэрміновыя патрэбы УСУ, засяродзіўшыся на СПА, артылерыі і сыстэмах барацьбы зь бесьпілётнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зноў у цэнтры ўвагі палітыкі ЗША. На гэты раз стаўкі вышэйшыя