Каманда Латушкі паведаміць МАК імёны больш як 150 спартоўцаў і функцыянэраў, зьвязаных з вайсковымі структурамі Беларусі

Ад'езд беларускіх спартоўцаў з Менску на Алімпійскія гульні. Ілюстрацыйнае фота

Кіарўнік НАУ Павал Латушка адзначыў важнасьць прымяненьня санкцый супраць «зьвязаных зь сілавымі структурамі спартоўцаў», нявыдачы ім візаў у дэмакратычныя краіны і абмежавальных мер у дачыненьні да нацыянальных фэдэрацый.

Сьпіс з імёнамі больш як 150 спартоўцаў і функцыянэраў, зьвязаных з вайсковымі структурамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, перададуць Міжнароднаму алімпійскаму камітэту (МАК) і міжнародным спартовым фэдэрацыям, паведаміў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка, чыя каманда падрыхтавала гэты дакумэнт.

У відэакамэнтары Латушка, які гэтымі днямі ўдзельнічае ў II Эўрапейскім кангрэсе спорту і турызму (Польшча), адзначыў, што беларускія атлеты за антываенную пазыцыю зазнаюць «двайную дыскрымінацыю»: унутры краіны спартоўцаў-дысыдэнтаў «выключаюць са зборных, звальняюць, уключаюць у „чорныя сьпісы“, саджаюць у турму», а па-за яе межамі міжнародныя фэдэрацыі не дапускаюць іх да спаборніцтваў.

«Беларускі спартовец-дысыдэнт застаецца безабаронным, — канстатаваў палітык. — Ён знаходзіцца па-за сыстэмай нацыянальнага спорту і, як вынік, па-за сыстэмай міжнароднага спорту. Нярэдка паступаюць адмовы ад міжнародных федэрацый пры разглядзе запытаў на ўдзел свабодных беларускіх спартоўцаў, бо прапановы ўносяцца не ад прадстаўнікоў нацыянальных федэрацый».

Намесьнік кіраўніцы АПК прапанаваў пераняць досьвед Польшчы: пры ўмове нэўтральнага статусу дапускаць да спаборніцтваў беларускіх атлетаў з «выразнай грамадзянскай антываеннай пазыцыяй», якія не фінансуюцца рэжымам у Менску.

На думку Латушкі, беларускіх атлетаў-дысыдэнтаў таксама можна было б дапускаць да міжнародных спаборніцтваў «наўпрост, без заяўкі» ад той ці іншай нацыянальнай фэдэрацыі.

Ён адзначыў важнасьць прымяненьня санкцый супраць «спартоўцаў-прапагандыстаў і зьвязаных зь сілавымі структурамі спартоўцаў», нявыдачы ім візаў у дэмакратычныя краіны; абмежавальных мер у дачыненьні да нацыянальных фэдэрацый; ціску на рэжым з мэтай вызваленьня датычных да спорту палітвязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Лукашэнка пракамэнтаваў магчымасьць удзелу беларусаў у Алімпіядзе ў нэўтральным статусе

На кангрэсе кіраўнік НАУ выступіў у рамках панэльнай дыскусіі «Спартоўцы-дысыдэнты ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах. Як спартоўцы, якія кінулі выклік недэмакратычным рэжымам, могуць быць дапушчаныя да прадстаўленьня сваёй краіны».

Дэлегацыя прадстаўніцтва АПК па транзыце ўлады, якое ачольвае Латушка, правяла рабочыя сустрэчы зь міністрам спорту і турызму Польшчы Камілем Бортнічуком, польскімі палітыкамі, прадстаўнікамі Рады Эўропы і недзяржаўных спартовых арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны алімпійскі камітэт не дапусьціў беларусаў і расейцаў да Азіяцкіх гульняў