Літоўцы ўсталююць фізычны бар’ер на багністым участку мяжы зь Беларусьсю

Мігранты, затрыманыя ў Літве пасьля пераходу зь Беларусі, 2021

Фізычны барʼер на багністых участках мяжы Літвы зь Беларусьсю і РФ будзе ўсталяваны.

Дамоўленасьці пра гэта 27 верасьня дасягнулі міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце, міністар навакольнага асяродзьдзя Сіманас Гянтвілас і намесьнік дырэктара Дзяржслужбы ахоўных тэрыторыяў Альбертас Станіславайціс.

«Дадатковыя меры па ахове мяжы неабходныя, бо толькі сёлета на багністым участку мяжы з Беларусьсю было прадухілена каля 700 спробаў пранікненьня нелегальных мігрантаў, выяўлена прынамсі 13 выпадкаў кантрабанды, — цытуе Білатайце прэсавая служба МУС. — Аднак мы падыходзім да пытаньня вельмі адказна, ацэньваючы магчымае ўзьдзеяньне на прыроду разам з эколягамі. Мы атрымалі запэўніваньні ад экспэртаў, што ўзьдзеяньне на прыроду будзе мінімальным».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі завяла справу на службовых асобаў Літвы ў сувязі зь мігранцкім крызісам. У Вільні адказалі

Паводле слоў міністаркі, для фізычнага барʼера ў багністай мясцовасьці не спатрэбіцца высякаць лес, паколькі ён будзе збудаваны ў памежнай зоне, там, дзе ўжо ўсталяваныя электронныя сыстэмы назіраньня.

Паводле інфармацыі літоўскага МУС, з 679 км мяжы з Беларусьсю толькі 122 км не ахопленыя фізычным барʼерам. Зь іх 58 км праходзяць па памежных рэках і азёрах, 64 км — па ручаях і балотах. Уздоўж рэк і азёр усталёўваць фізычны барʼер пакуль не плянуецца. Уся мяжа кантралюецца з дапамогай электроннай загароды.

За папярэдні дзень літоўскія памежнікі прадухілілі 20 спробаў нелегальнага пераходу мяжы з беларускай тэрыторыі, ад пачатку верасьня — 134, з пачатку году — 1732. Усяго краіны ЭЗ у 2023 годзе спынілі 32487 спробаў незаконнага пранікненьня з боку Беларусі.