Цэнтральная выбарчая камісія сфармавала акругі для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Утворана 110 акруг: 16 у Берасьцейскай вобласьці, 13 у Горадзенскай, 14 у Віцебскай, 13 у Магілёўскай, 17 у Гомельскай, 17 у Менскай і 20 у Менску. Сярэдняя колькасьць выбарнікаў на адну акругу складзе 61 960 чалавек.
Таксама вызначаны акругі для выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Іх будзе 12514, што на 5,5 тысячы менш, чым у 2018 годзе.
Адзіны дзень галасаваньня пройдзе ў Беларусі 25 лютага 2024 года. Фармальна будуць выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых саветаў.
«І з моманту зьяўленьня ўказу пачнецца вылучэньне ў склады камісій — тэрытарыяльных, акруговых, участковых, пачнецца збор подпісаў, рэгістрацыя груп, вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты», — сказаў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, якога цытуе БЕЛТА.
Ён расказаў, што ўжо запрасіў на адзіны дзень галасаваньня старшынь ЦВК некаторых краін СНД. Ці плянуецца ўдзел замежных назіральнікаў зь іншых дзяржаў і ад міжнародных арганізацый, напрыклад АБСЭ, Карпенка не паведаміў.
На канстытуцыйны рэфэрэндум 2022 году ЦВК паклікаў толькі назіральнікаў ад СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).
На 25 лютага 2024 году ў Беларусі прызначаны адзіны дзень галасаваньня. Адначасова пройдуць выбары дэпутатаў усіх узроўняў: ад сельсаветаў да Палаты прадстаўнікоў, а таксама будзе сфармаваны Савет Рэспублікі. На працягу 60 дзён пасьля гэтага пройдзе «ўсебеларускі народны сход».
«У адпаведнасці з новым выбарчым заканадаўствам мы не фарміруем выбарчыя ўчасткі за мяжой», — сказаў Карпенка.
Кіраўнік ЦВК заявіў, што ня лічыць гэта ўшчамленнем правоў беларусаў, якія выехалі па тых ці іншых прычынах за мяжу, і зараз не змогуць прагаласаваць выдалена.
«Яны могуць прыехаць у краіну і ў перыяд датэрміновага галасавання з аўторка па суботу або ў адзіны дзень галасавання, 25 лютага 2024 года, выканаць свой грамадзянскі абавязак — прыйсці на ўчасткі і прагаласаваць», — сказаў Ігар Карпенка.
Раней праваабаронцы неаднаразова паведамлялі пра выпадкі затрымання людзей, якія вярталіся ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларуская тэма гучыць у польскай выбарчай кампаніі. Аналізуе Пётра Рудкоўскі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выражам усіх мярзотнікаў...» Чаму ад Лукашэнкі нельга чакаць хуткай палітычнай адлігі, а рэпрэсіі стануць яшчэ больш жорсткімі