Дата разгляду пазову аб ліквідацыі гэтай партыі ў цяперашні час не прызначаная.
Партыя «Справядлівы сьвет» зьяўляецца апошняй з дэмакратычных, якая яшчэ пакуль не закрытая рашэньнем Вярхоўнага суду.
2 чэрвеня партыя падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў (зь меркаваньняў бясьпекі), 30 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ёй у гэтым адмовіла.
Улетку і ўвосень сёлета ўжо скасавалі рэгістрацыі дзесяці палітычных партый: Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, Беларускай патрыятычнай партыі, Беларускай партыі «Зялёныя», партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскай партыі, Сацыял-дэмакратычнай партыя народнай згоды, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».
У пачатку верасьня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.
Перарэгістравалі праўладную Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Акрамя таго, зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
У канцы 2022 году Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністар юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасьць партый пасьля перарэгістрацыі паменшыцца да «трох-чатырох».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АГП і Партыя БНФ заявілі пра нязгоду з рашэньнямі судоў аб іх ліквідацыі