Савет Міністраў зьмяніў квоты на вытворчасьць алькагольнай і іншай сьпіртазамяшчальнай прадукцыі.
Як вынікае з дакумэнту, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, калі раней плянавалася вырабіць да 5,9 мільёна дэкалітраў гэтак званых фруктова-ягадных вінаў, дык цяпер — каля 5,1 мільёна дэкалітраў. Зьменшыцца таксама вытворчасьць вінаградных і пладовых вінаў. У народзе яны маюць назву «чарніла».
Адначасна мяркуецца павялічыць вытворчасьць каньяку (з 695 тысячаў да 726 тысячаў дэкалітраў), брэндзі (са 181 тысячы да да 190 тысячаў дэкалітраў) і вінаграднай гарэлкі (з 2,5 тысячы да 3,5 тысячы дэкалітраў).
Квоты дзейнічаюць для ўнутранага спажывецкага рынку.