За гэты ж пэрыяд, паводле Жарына, было затрымана больш за 550 кантрабандыстаў, якія спрабавалі даставіць нелегалаў у краіны прызначэньня.
Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра патлумачыў, што па статыстыцы прыкладна кожная дзясятая спроба нелегальна перайсьці мяжу зь Беларусьсю заканчваецца пасьпяховым перасячэньнем сьцяны. Аднак потым мігрантаў затрымліваюць у іншых месцах.
«Па сутнасьці, уся мяжа зь Беларусьсю цяпер ахоплена шматступеннай абаронай, і гэтыя спробы на беларускім кірунку ў прынцыпе неэфэктыўныя. Адных людзей затрымліваюць на лініі мяжы, а іншых, пэўную меншасьць, затрымліваюць на наступных кроках або дыстанцыях на нашай тэрыторыі», — сказаў прадстаўнік урада.
Станіслаў Жарын запэўніў, што фізычны бар’ер і электронныя сродкі значна ўшчыльнілі польска-беларускую мяжу, аднак адзначыў, што яны не стоадсоткава эфэктыўныя, як і іншыя збудаваньні такога тыпу ў сьвеце. Таму ўрад узмацніў патрулі дадатковымі афіцэрамі і салдатамі памежнай аховы.
У інтэрвію Польскаму радыё Жарын патлумачыў, што для нелегальных мігрантаў краіна прызначэньня — ня Польшча: большасьць зь іх імкнецца трапіць у Нямеччыну, Францыю і Данію. Ім дапамагаюць расейскія і беларускія спэцслужбы, а таксама міжнародныя злачынныя групоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскае сьледзтва палічыла ўкраінскай ракету, якая ўпала ў лістападзе на тэрыторыі краіны