Як са школаў і ВНУ робяць «турму». Экспэрт тлумачыць зьмены ў аплаце вышэйшай адукацыі

Андрэй Лаўрухін, кадяж

У Беларусі маюць увесьці абавязковую адпрацоўку нават для тых студэнтаў, якія вучацца платна. А тэрмін адпрацоўкі для тых, хто вучыцца за кошт бюджэту, павялічаць. У выпадку адмовы давядзецца заплаціць істотна больш.

У чым лёгіка ўлады, тлумачыць Андрэй Лаўрухін, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы.

Сьцісла:

  • У першым законе аб адукацыі ўся адукацыя павінна была быць бясплатнай. Платная адукацыя зьявілася пазьней.
  • Тое, што дзяржава бярэ на сябе выдаткі на адукацыю — гэта асноўная сацыяльная дамова. Гэта адно з істотных абавязаньняў сацыяльна арыентаванай дзяржавы. І калі кожнаму грамадзяніну выстаўляюць такую цану, гэта значыць, што сацыяльная дамова перапісваецца.
  • Паўстае пытаньне, куды цяпер людзі панясуць грошы. Бо людзі спытаюцца, чаму адукацыя ў Беларусі каштуе значна даражэй, чым, напрыклад, у Нямеччыне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дачка за тое, каб кідаць вучобу і ехаць у Польшчу». Што бацькі студэнтаў-платнікаў думаюць пра абавязковую адпрацоўку
  • Раней чалавек мог пайсьці на платнае навучаньне і такім чынам «купляў свабоду». Цяпер цана свабоды значна вырасла, а таксама звузілася прастора, каб абысьці абмежаваньні сыстэмы.
  • Тое, што ў Нямеччыне ці Чэхіі вышэйшая адукацыя бясплатная для тых хто вучыцца па-нямецку і па-чэску, зьвязана з прыярытэтамі дзяржавы. Для большасьці эўрапейскіх дзяржаваў адукацыя — істотны рэсурс, у які трэба інвэставаць.
  • У Беларусі адукацыя — не прыярытэт для ўлады. Яе фінансаваньне перакладаецца на плечы грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шалёныя грошы?». Як ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу за год зьмянілася колькасьць беларускіх студэнтаў
  • Шмат якасных выкладчыкаў пакінулі краіну праз рэпрэсіі, і якасьць вышэйшай адукацыі пагоршылася.
  • Завабіць у нацыянальную сыстэму вышэйшай адукацыі дзяржава ня ў стане. Падвышэньне цэнаў дакладна ня вабіць. Таму абмяжоўваюць магчымасьці грамадзян атрымаць замежную адукацыю, і робіцца крок да ператварэньня ўстановаў адукацыі ў турму.
  • У тэхнічнай сфэры ў Беларусі застаюцца спэцыяльнасьці і акадэмічныя супольнасьці, якія захоўваюць якасьць і маюць аўтаномію ведаў. Матэматыку ці фізыку цяжка палітызаваць. А вось у гуманітарыстыцы, сацыяльных навуках — катастрофа праз палітычны ціск.
  • Калі няма якасных дасьледаваньняў, дык веды, якія нясуць выкладчыкі, таксама нізкай якасьці. Філязофія разбураная як дысцыпліна, амаль не існуе паліталёгіі, у вельмі цяжкім стане сацыялёгія. Калі вы робіце праўдзівыя дасьледаваньні, вы адразу ідэнтыфікуеце сябе як неляяльны ці ўвогуле як апазыцыянэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьнялі дырэктараў школ, забаранілі пісаць пра лета. Як у Горадні змагаюцца з паступленьнем выпускнікоў за мяжу