У Канцэпцыі разьвіцьця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва на 2024–2026 гады Міністэрства культуры прапануе адмовіцца ад «нэгатыўнага ўплыву палітычных, маральных, эстэтычных поглядаў і каштоўнасьцей замежнага паходжаньня».
Праект канцэпцыі апублікавалі на сайце ведамства, да 1 кастрычніка праводзіцца яго грамадзкае абмеркаваньне.
Канцэпцыя ўключае пяць разьдзелаў: гістарычны досьвед беларускага народу — аснова культурнага імпартазамяшчэньня; захаваньне традыцый беларускай культуры і іх культываваньне сярод моладзі; разьвіцьцё беларускай мастацкай літаратуры як сродку фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці грамадзяніна Беларусі; гуманітарная адукацыя, выхаваньне дзіцяці
як патрыёта Беларусі і прыхільніка традыцыйных маральных каштоўнасьцей; захаваньне культурнай самабытнасьці рэгіёнаў і забесьпячэньне роўнага доступу да культурных даброт грамадзян Беларусі.
Пры гэтым сярод напрамкаў канцэпцыі ўказана «адмова ад замежных сьвят (Дзень сьвятога Валянціна, Хэлоўін і да таго падобных)».
У дакумэнце напісана, што «праблемай бытаваньня беларускай мовы зьяўляецца скарачэньне яе выкарыстаньня ў жывой гаворцы грамадзян, расейскай мовы — засьмечваньне гутарковай гаворкі зьняважлівымі, прастамоўнымі выразамі, нэалягізмамі замежнага паходжаньня». Да «праблем бытаваньня абедзьвюх дзяржаўных моў» аднесена «неабгрунтаванае выкарыстаньне іншамоўных (пераважна англамоўных) найменьняў, а таксама ўмоўных скарачэньняў падобных найменьняў у назвах юрыдычных асоб, аб’ектаў гандлю, грамадзкага харчаваньня, калектываў мастацкай творчасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкінуць зусім не маглі, дык заблюрылі твар». Як у сэрыяле пра «Песьняроў» схавалі беларускага актора ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінкульт забараніў праводзіць незалежны фэстываль «Нефільтраванае кіно»