За «экстрэмізм» судзяць супрацоўніцу сельсавету з Докшыцкага раёну
У раскладзе суду Докшыцкага раёну на 26 верасьня зьявілася імя Іны Кімстач, піша @vitebsk_info. Гэта кіраўніца спраў Крыпульскага сельскага выканаўчага камітэту. Ёй два тыдні таму выказвалі падзяку за падрыхтоўку падворку сельсавету да рэспубліканскага фэстывалю «Дзьве ракі». Цяпер яе судзяць нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі».
Вядома, што судзіць яе будзе Вячаслаў Елісеенка.
Затрымалі мужчыну, які нэгатыўна выказаўся пра чалавека з шаўронам «Вагнэра»
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што на пошце ўбачыў чалавека з сымболікай «Вагнэра» і чырвона-зялёным сьцягам — і нібыта пачаў здымаць яго на тэлефон і абразіў.
Чалавек з шаўронам паскардзіўся ў чат-бот сілавікоў — мужчыну затрымалі, паведамляюць праваабаронцы.
ГУБАЗіК затрымаў выкладчыка БДУІР
На «пакаяльным відэа» сілавікоў ён кажа, што адміністраваў унівэрсытэцкі чат і нібыта напісаў каля 15 тысяч паведамленьняў, «накіраваных на падтрымку пратэставых настрояў».
Таксама затрыманы кажа, што нібыта зьвяртаўся да «Кібэрпартызанаў» з ініцыятывай рассылаць лісты супрацоўнікам унівэрсытэту.
Вядомая гомельская актывістка Сьвятлана Кароль ня выйшла з ІЧУ
63-гадовая велаактывістка з Гомля Сьвятлана Кароль ня выйшла з ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 3-суткавага арышту. Жанчыну, імаверна, даставілі ў Гомельскае СІЗА №3, дзе яна знаходзіцца па крымінальнай справе аб «паклёпе» на Лукашэнку, піша выданьне «Штодзень».
Пра затрыманьне жанчыны стала вядома 20 верасьня.
Сьвятлана Кароль — вядомая гамяльчанка, настаўніца і заснавальніца руху «ВелаГомель», папулярызатарка ровараў. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году Сьвятлана асудзіла гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 верасьня: Жыхарку Баранавіцкага раёна асудзілі за абразу ЛукашэнкіСілавікі затрымалі беларуса, які напісаў у фэйкавы чат-бот палку імя Кастуся Каліноўскага
На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а пасьля вырашыў напісаць у чат-бот палку Каліноўскага. Празь некаторы час яму патэлефанавалі і прапанавалі прыехаць у Віцебск, бо там нібыта «будзе пункт на адпраўку ў полк». Пасьля гэтага да хлопца прыехалі міліцыянты і затрымалі, паведамляе «Вясна».
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.