МЗС Польшчы ня будзе скасоўваць дамову зь візавым цэнтрам у Беларусі

Польскі візавы цэнтар у Менску. Архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Польшчы ня будзе скасоўваць дамовы зь візавымі агенцтвамі ў Беларусі, Украіне і Турэччыне, паведамляе RMF FM з спасылкай на свае крыніцы.

Інфармацыя пра магчымае скасаваньне дамоваў МЗС Польшчы зь візавымі агенцтвамі, якія прымаюць дакумэнты ад іншаземцаў за межамі краіны, зьявілася на фоне візавага скандалу ў Польшчы.

Радыё RMF FM стала вядома, што замежнапалітычнае ведамства Польшчы ўсё ж захавае кантракты зь візавымі агенцтвамі ў Беларусі, Украіне і Турэччыне.

Выданьне адзначае, што скасаваньне дамоваў пацягнула б за сабой сур'ёзныя цяжкасьці, а магчыма нават параліч выдачы візаў у многіх краінах.

Польскія чыноўнікі, паводле RMF FM, сьцьвярджаюць, што было б немэтазгодна перашкаджаць беларускім апазыцыянэрам і людзям, якія жадаюць уцячы ад рэжыму Лукашэнкі, атрымліваць візы. Таксама няма жаданьня блякаваць такія магчымасьці грамадзянам Украіны, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй.

У дачыненьні да Турэччыны бярэцца пад увагу вялікая цікавасьць турэцкіх студэнтаў да эўрапейскай праграмы Erasmus у Польшчы.

Выданьне адзначае, што пакуль, нягледзячы на заявы, практычных дзеяньняў для скасаваньня кантрактаў зь візавымі агенцтвамі МЗС Польшчы не рабіла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераезд у Эўропу ці чаканьне міжнароднай абароны. Што рабіць беларусам у Грузіі пасьля прыняцьця «пашпартнага» ўказу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, зь якімі праблемамі сутыкнуліся пасьля новага ўказу Лукашэнкі