Выбух у Карабаху пад Сцепанакертам. Ёсьць ахвяры, больш за 200 параненых

На складзе бэнзіну паблізу трасы Сцепанакерт-Аскеран адбыўся моцны выбух, паведамляе Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях (ДСНС) Нагорнага Карабаха.

Ёсьць ахвяры і параненыя, многія пацярпелыя з апёкамі дастаўлены ў мэдычныя ўстановы, паведамляе ДСНС.

Паведамляецца, што на месцы працуюць выратавальная і мэдычныя апэратыўная групы.

Пазьней амбудсмэн Нагорнага Карабаху Гегам Сьцепаньян паведаміў, што колькасьць параненых перавышае 200 чалавек. Стан большасьці зь іх цяжкі ці вельмі цяжкі.

Сцепаньян адзначыў, што існуе вострая неабходнасьць эвакуіраваць пацярпелых па паветры, каб выратаваць іх жыцьці.

На месцы выбуху.

«Мэдычных магчымасьцяў Арцаху (Нагорнага Карабаху) недастаткова для выратаваньня жыцьця людзей. Санавіяцыя павінна вельмі тэрмінова прызямліцца, каб выратаваць жыцьці людзей. Вельмі тэрмінова, без прамаруджваньня», — адзначыў Гегам Сьцепаньян.

Амбудсмэн падкрэсьліў, што ў Рэспубліканскім мэдычным цэнтры і Сцепанакерцкай дзіцячай бальніцы дапамога пацярпелым аказваецца ва ўмовах абмежаваных мэдычных і мэдыкамэнтозных магчымасьцей, яе недастаткова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян і Аліеў сустрэнуцца ў Гішпаніі. Асноўнае вакол Карабаху на гэты момант

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».