Дзевяці бібліятэкам Меншчыны пракуратура загадала выключыць з каталёгаў літаратуру, прызнаную экстрэмісцкай

Кніга Ўладзімера Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі».

Пракуратура Менскай вобласьці знайшла ў электронных каталёгах 9 цэнтральных і вясковых бібліятэк выданьні, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», і запатрабавала выключыць іх са каталёгаў.

Як заявіла ведамства па наглядзе, пракуроры раёнаў «вынесьлі кіраўнікам дзевяці бібліятэк прадпісаньні» з патрабаваньнем «неадкладна ліквідаваць выяўленыя парушэньні заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады прызналі «экстрэмісцкімі» адразу 12 кніг

У 2022 годзе ў сьпіс экстрэмісцкай літаратуры ўключылі раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы», кнігі Ўладзімера Арлова «Айчына: Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», Зьмітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя», Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры». Таксама ў сьпіс у 2022 годзе была ўключаная манаграфія Сьвятланы Казловай «Аграрная палітыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941–1944)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 2020 году — «Mein Kampf» і «Манифест Новой России», пасьля — Арлоў і Бахарэвіч. Як і якія кнігі ў Беларусі прызнавалі экстрэмісцкімі