У выніку атакі на штаб Чарнаморскага флёту Расеі ў анэксаваным Севастопалі загінуў камандуючы флётам, паведаміла 25 верасьня камандаваньне Сіл спэцыяльных апэрацый Украіны.
«Пасьля разгрому штаба Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі загінулі 34 афіцэры, у тым ліку камандуючы Чарнаморскім флётам Расейскай Фэдэрацыі. Яшчэ 105 акупантаў атрымалі раненьні. Будынак штабу рэстаўрацыі не падлягае», — гаворыцца ў паведамленьні.
Камандаваньне таксама паведамляе аб нібыта гібелі 62 расейскіх вайскоўцаў у выніку нападу на дэсантна-штурмавы карабель «Мінск».
Радыё Свабода пакуль ня можа самастойна праверыць гэтую інфармацыю.
Раней некаторыя расейскія СМІ заявілі аб магчымай гібелі камандуючага Чарнаморскім флётам Віктара Сакалова падчас ракетнага нападу на штаб у Севастопалі 22 верасьня. Пра яго сьмерць афіцыйна не паведамлялася. Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла «зьнікненьне» аднаго вайскоўца ў выніку нападу на штаб Чарнаморскага флёту.
22 верасьня стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штаба Чарнаморскага флёту РФ.
У Мінабароны Расеі заявілі, што пасьля ўдару адзін вайсковец прапаў бязь вестак, а пяць ракет былі нібыта зьбітыя сіламі супрацьпаветранай абароны. Аднак фатаграфіі, у тым ліку спадарожнікавыя здымкі, і відэа сьведчаць аб тым, што пападаньняў ракет было некалькі.
Па словах кіраўніка выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыла Буданава, у выніку нападу 22 верасьня ёсьць загінулыя і параненыя сярод расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку сярод кіраўніцтва.
Незалежнага пацьверджаньня інфармацыі аб стратах у штабе Чарнаморскага флёту Расеі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Севастопалі ў штабе Чарнаморскага флёту Расеі пасьля выбуху пачаўся пажар. У Кіеве і Маскве пракамэнтавалі