Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ) 24 верасьня апублікавала абноўленыя зьвесткі, згодна зь якімі за апошні год колькасьць выпадкаў халеры ў сьвеце вырасла больш чым удвая.
Па дадзеных САЗ, у 2022 годзе было зарэгістравана каля 470 000 выпадкаў захворваньня, што значна павялічылася ў параўнаньні з 220 000 выпадкаў у папярэднім годзе.
Аднак экспэрты САЗ заявілі, што інфармацыі аб сытуацыі пакуль недастаткова, і, паводле папярэдняй ацэнкі, арганізацыя прагназуе штогод ад 1,3 да 4 мільёнаў захворваньняў і да 143 тысяч сьмерцяў.
Па дадзеных САЗ, Аўганістан, Камэрун, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Малаві, Нігерыя, Самалі і Сырыя асабліва пацярпелі на працягу года з прычыны ўспышак халеры на іх тэрыторыях.
Халера — вострае, асабліва небясьпечнае інфэкцыйнае захворваньне, выкліканае халерным вібрыёнам, якое выклікае цяжкі гастраэнтэрыт з рэзкім абязводжваньнем і парушэньнем гемадынамікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ліквідуюць грамадзкае аб’яднаньне «Дзеці Чарнобыля»