Паводле яе слоў, зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі ў 2022 годзе на беларускай зямлі адбылося «тры раўнды перагавораў Расеі і Ўкраіны».
Аднак Качанава не згадала, што зь першага дня поўнамаштабнай вайны на ўкраінскую тэрыторыю ўрываліся ў тым ліку тыя расейскія войскі і ляцелі тыя ракеты, што былі дыслякаваныя ў Беларусі — са згоды кіраўніцтва краіны. Апрача таго, Менск надаў РФ усю неабходную для ажыцьцяўленьня агрэсіі транспартную і вайсковую інфраструктуру, у Беларусі лячыліся і навучаліся расейскія вайскоўцы.
Старшыня СР НС сьцьвярджае, што «тысячы ўкраінскіх грамадзян, вымушаных уцячы ад баявых дзеяньняў, хаосу і разрухі», у Беларусі «набылі другі дом», а таксама «практычна ўраўнаваныя ў правах з беларусамі».
«Украінскія дзеці рэгулярна праходзяць рэабілітацыю ў беларускіх аздараўленчых лягерах, дзякуючы чаму могуць адчуць шчасьлівае і бесклапотнае дзяцінства. Няўжо хто-небудзь з краін Захаду прыняў такія гуманныя рашэньні?» — задалася пытаньнем яна.
Кіеў разглядае падобныя дзеяньні як незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. За іх дэпартацыю Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго, каб МКС выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Лукашэнкі. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МКС разгледзець такую магчымасьць.
На падставе ўсіх выкладзеных ёю аргумэнтаў Качанава заявіла: «Усе абвінавачваньні нашай дзяржавы нібы ў дапамозе агрэсіі — поўны абсурд і брудная хлусьня». «Мы, як ніхто іншы, зацікаўленыя ў больш хуткім мірным урэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. Беларусь вітае зьяўленьне ўсё большай колькасьці краін, якія прапануюць разумныя мірныя ініцыятывы ў мэтах доўгатэрміновага міру і стабільнасьці ў эўразійскім рэгіёне», — адзначыла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Качанавай да Ціханоўскай. Расказваем пра імаверных пераемнікаў Лукашэнкі«Нягледзячы на ўсю складанасьць геапалітычнай абстаноўкі, мы спрабуем захаваць нармальныя адносіны з народамі, якія пражываюць на тэрыторыі ЗША, Літвы, Латвіі, Польшчы і іншых краін ЭЗ, Украіны. Насуперак адкрытым правакацыям і спробам уцягнуць Беларусь у тыя ці іншыя рэгіянальныя рознагалосьсі, мы не ідзём шляхам канфрантацыі», — сьцьвярджае Качанава.
Усе вышэйпералічаныя ды іншыя краіны ўвялі санкцыі супраць рэжыма Лукашэнкі за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленьне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair і наступны арышт апазыцыянэраў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі.
Беларусь «як краіна — заснавальніца ААН», адзначыла кіраўніца верхняй палаты парлямэнта, «ня можа стаяць убаку» ад таго, што адбываецца ў сусьветнай арганізацыі. На яе думку, ААН мусіць адаптавацца да «аб’ектыўных тэндэнцый міжнародных адносін» і паскорыць «рэформу Рады Бясьпекі за кошт пашырэньня прадстаўленасьці ў ім краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі». З асобнымі краінамі гэтых рэгіёнаў Менск апошнім часам спрабуе ўзмацніць сувязі — у процівагу страчаным стасункам з дзяржавамі Захаду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава назвала Менск «адным з самых камфортных гарадоў сьвету». Паглядзелі сусьветныя рэйтынгі і ня толькі