Адразу некалькі тэлеграм-каналаў ва Ўкраіне і анэксаваным Крыме паведамілі аб пацэльваньні Ўзброеных сілаў Украіны ў штаб Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопалі (Крым).
Тэлеграм-канал, зьвязаны з Узброенымі сіламі Ўкраіны, апублікаваў відэазапіс, на якім відаць, як пачынаецца пажар. Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелі 6 асобаў.
На здымку, які апублікаваў украінскі журналіст Андрэй Цапліенка, відаць, што па штабе нанесены ўдар зьверху — пашкоджаны дах, у адной частцы будынку абваліліся прынамсі два паверхі.
Украінскі вайсковы журналіст паведаміў, што цяпер каля будынку штабу Чарнаморскага флёту РФ некалькі дзясяткаў машын хуткай дапамогі і пажарнай службы.
Акупацыйныя ўлады Севастопалю папярэдзілі насельніцтва аб магчымым новым удары і ўключылі сыгналы паветранай трывогі.
Пазьней Міністэрства абароны Расеі заявіла, што Ўкраіна нанесла ракетны ўдар па Севастопалі.
«Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі пяць ракет. У выніку нападу пашкоджаны гістарычны будынак штабу Чарнаморскага флёту. Паводле інфармацыі, якая ёсьць, адзін вайсковец загінуў», — адзначаецца ў паведамленьні расейскага міністэрства абароны.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х (былы Twitter) напісаў, што ў Чарнаморскага флёту Расеі ёсьць толькі два варыянты будучыні: добраахвотная або прымусовая самаліквідацыя.
«Найлепшы і найбольш бясьпечны выхад для захаваньня цэласнасьці маёмасна-гаспадарчага комплексу гораду Ахтыяр (старая назва — Севастопаль) і прылеглых тэрыторыяў — добраахвотнае затапленьне. Слаўныя расейскія вайсковыя рэфлексіі — зьнішчэньне ўласнага флёту пры набліжэньні праціўніка — павінны мець працягласьць ў часе і традыцыю пераемнасьці. У іншым варыянце — ЧФ РФ будзе наразацца паводле прынцыпу салямі: працэс балесны, але УСУ наносяць высокадакладныя ўдары вылучна па аб'ектах вайсковай інфраструктуры», — заявіў Аляксей Данілаў.
Вайсковая выведка Вялікай Брытаніі ў справаздачы 22 верасьня зьвярнула ўвагу, што Расея і Ўкраіна перайшлі на інтэнсіўныя ўзаемныя ўдары па тылавых тэрыторыях.
«Такая незвычайная інтэнсіўнасьць, пэўна, часткова ёсьць адказам на інцыдэнты ў Расеі і Крыме. Паколькі наземныя баявыя дзеяньні адносна статычная, кожны бок шукае перавагі, прабіваючы стратэгічную глыбіню праціўніка», — патлумачылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Інстытуце вывучэньня вайны зьвязалі маштабную ракетную атаку Расеі супраць Украіны зь візытам Зяленскага ў ЗША