У Расеі вырашылі ўдвая павялічыць консульскі збор за выхад з грамадзянства

Расейскі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве замежных спраў Расеі распрацавалі і апублікавалі для грамадзкага абмеркаваньня праект урадавага рашэньня аб павышэньні консульскіх збораў у замежных краінах.

У прыватнасьці, дыпляматы прапануюць ураду павялічыць консульскія зборы за абмен звычайнага замежнага пашпарта з 30 да 35 даляраў, а біямэтрычнага — з 80 да 90 даляраў.

За афармленьне заявы аб выхадзе з расейскага грамадзянства паводле агульнага або спрошчанага парадку з 65 да 130 даляраў.

У МЗС Расеі патлумачылі неабходнасьць павелічэньня консульскіх збораў тым, што яны ня зьмяняліся з 2010 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне зрабілі казачна хутка — літаральна за пару дзён». Як беларусу памяняць пашпарт за мяжой і якая ёсьць альтэрнатыва

Беларусь таксама спачатку павялічыла свае консульскія зборы. Гэта адбылося з 1 студзеня 2023 году. У прыватнасьці, кошт абмену пашпарта павялічыўся да 100 эўра, а заявы аб выхадзе з грамадзянства — з 250 да 400 эўра.

З 7 верасьня набыў юрыдычную моц указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш ня могуць абмяняць і атрымаць пашпарт у дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах