Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць выкарыстаньне заканадаўства аб экстрэмізьме

Гульназа Саід.

Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заклікаў улады Беларусі спыніць выкарыстаньне заканадаўства краіны аб экстрэмізьме, каб «прымусіць замаўчаць незалежныя мэдыя» і дазволіць сродкам масавай інфармацыі працаваць свабодна.

Заява назіральніка за СМІ зьявілася пасьля рашэньня ўладаў Беларусі прызнаць Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (ВІС), які базуецца ў Чэхіі, «экстрэмісцкай арганізацыяй».

«Называючы Беларускі расьсьледніцкі цэнтар „экстрэмісцкім“, ўлады Беларусі чарговы раз спрабуюць запалохаць і перашкодзіць працы незалежнага выданьня, вядомага сваімі вострымі расьсьледаваньнямі меркаванай карупцыі ў краіне», — заявіла Гульназа Саід, каардынатарка праграмы CPJ па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Улады Беларусі павінны неадкладна адмяніць ганебнае заканадаўства краіны па барацьбе з экстрэмізмам замест таго, каб рэгулярна выкарыстоўваць яго супраць незалежных СМІ і прадстаўнікоў прэсы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд прызнаў «Беларускі расьсьледніцкі цэнтар», які выкрывае злачынствы чыноўнікаў, «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Незалежныя СМІ Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні CPJ, зазнаюць нападкі на фоне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Рэпрэсіі пачаліся пасьля масавых беспарадкаў, справакаваных «афіцыйнымі» вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году. У выніку выбараў аўтарытарны кіраўнік Аляксандар Лукашэнка шосты раз быў абвешчаны прэзыдэнтам. Апазыцыя і некаторыя заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было сфальшаванае.

Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у Беларусі больш за 15 СМІ прызнаныя «экстрэмісцкімі». Сама асацыяцыя была дададзеная ў сьпіс у сакавіку сёлета.

Улады Беларусі таксама прызналі «экстрэмісцкімі» асобных журналістаў, у тым ліку трох журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — Ігара Лосіка, Алега Грузьдзіловіча і Андрэя Кузьнечыка.

У чэрвені 2022 году Ігара Кузнечыка прыгаварылі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньні ў стварэньні «экстрэмісцкай» групоўкі.

Многім іншым журналістам, праваабаронцам і апазыцыянэрам таксама былі прад’яўленыя абвінавачаньні ў экстрэмізьме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі расьсьледніцкі цэнтар: у вагнэраўцаў у Беларусі скараціліся заробкі і зьявіліся праблемы з адпачынкам

У Беларусі забаронена дзейнасьць арганізацый, аднесеных да экстрэмісцкіх, а індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі за разьмяшчэньне лягатыпу арганізацыі, прызнанай «экстрэмісцкай».

Згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі, любому абвінавачанаму ў стварэньні або ўдзеле ў «экстрэмісцкай» групе пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з магчымым пакараньнем да васьмі гадоў за фінансаваньне экстрэмізму і да сямі гадоў за садзейнічаньне такой дзейнасьці.

Тысячы людзей, у тым ліку журналістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў дэмакратычных інстытутаў, былі затрыманыя падчас агульнанацыянальных пратэстаў супраць вынікаў выбараў, і паступалі вартыя даверу паведамленьні аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з боку сіл бясьпекі. Падчас рэпрэсій загінула некалькі чалавек.

Лукашэнка адмовіўся весьці перамовы з апазыцыяй, а многія яе лідэры былі арыштаваныя ці вымушаныя пакінуць краіну.

Злучаныя Штаты, Эўрапейскі Зьвяз і шэраг іншых краінаў адмовіліся прызнаць Лукашэнку пераможцам галасаваньня і ўвялі некалькі пакетаў санкцый супраць яго і ягонага рэжыму, спасылаючыся на фальсыфікацыю выбараў і рэпрэсіі.

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.

Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Алег Грузьдзіловіч. Дэталі біяграфіі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, дзяцінства і школьныя гады правёў у Берасьці. У 1981 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у газэтах «Интеграл» і «Знамя юности». У 1986 годзе добраахвотнікам паехаў у Чарнобыльскую зону, часова працаваў у брагінскай раёнцы «Маяк Палесся».

У 1988 г. арганізаваў у рэдакцыі «Знамя юности» суполку БНФ, удзельнічаў у выпуску першых нелегальных нумароў газэты «Навіны Беларускага Народнага Фронту», як дэлегат браў удзел ва ўстаноўчым зьезьдзе БНФ «Адраджэньне».

Працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам «Народнай газеты», адкуль у 1995 г. звольніўся на знак пратэсту пасьля пабіцьця дэпутатаў Апазыцыі БНФ.

Быў палітычным аглядальнікам газэт «Свабода», «Навіны», «Наша свабода». З 1995 г. пачаў супрацоўнічаць, а з 2000 г. стала працаваць карэспандэнтам Радыё Свабода.

Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF), якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2013 г. Ляўрэат прэміі «Праваабарончага альянсу» Беларусі за 2009 г. у намінацыі «Журналіст году», прэміі «Надзея свабоды» Саюзу журналістаў Літвы і Сейму Літвы за 2022 г.

У 2021 г. быў арыштаваны, асуджаны на 1,5 года зьняволеньня і прызнаны палітвязьнем. Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі № 15 пад Магілёвам. Выйшаў на волю ў верасьні 2022-га.

Цяпер жыве ў Вільні.

У 2023 г. разам з палітвязьнямі Ігарам Лосікам і Андрэем Кузьнечыкам абвешчаны ляўрэатам прэміі імя Дэйвіда Бэрка «За выдатную журналістыку» Агенцтва глябальных мэдыя ЗША.