У заяве ведамства адзначаецца, што такія меры прынятыя «ў сувязі зь іхнай дзейнасьцю, накіраванай супраць нацыянальнай бясьпекі і інтарэсаў Рэспублікі Баўгарыі». АНББ удакладняе, што ёсьць зьвесткі пра дзеяньні расейца і беларусаў, зьвязаныя «з рэалізацыяй розных элемэнтаў гібрыднай стратэгіі РФ у мэтанакіраваным узьдзеяньні на грамадзка-палітычныя працэсы ў Баўгарыі на карысьць расейскіх геапалітычных інтарэсаў».
Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава, камэнтуючы сытуацыю, заявіла, што ідзецца пра настаяцеля Падвор’я Расейскай праваслаўнай царквы ў Сафіі архімандрыта Васіяна (Мікалай Зьмееў), сакратара падвор’я протаярэя Яўгена і «супрацоўніка храму».
Паводле інфармацыі на афіцыйным партале Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату), 20 лістапада 2020 году сакратаром прадстаўніцтва патрыярха Маскоўскага пры патрыярхаце Баўгарскім прызначаны клірык Менскай япархіі протаярэй Яўген Павяльчук. Падобна, менавіта ён маецца на ўвазе ў паведамленьні АНББ пад ініцыяламі Е.П., піша BPN.
Супрацоўнік храму з ініцыяламі В.Б., магчыма, — мянчук Уладзімер Банько. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку месцам працы ён пазначыў Расейскую праваслаўную царкву ў Сафіі.
Прадстаўнікі ўладаў у Менску і БПЦ пакуль не камэнтавалі сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баўгарыя і Латвія прыпыняюць выдачу візаў грамадзянам Расеі