Лукашэнка заявіў, што калі пачуў інфармацыю пра новую рэзыдэнцыю, задаўся пытаньнем, хто і дзе яе пабудаваў, адзначыўшы, што «безь мяне гэта не маглі пабудаваць».
«Аказваецца, вялікую чыноўніцкую лякарню аддалі Кухараву (у вядзеньне гарадзкіх уладаў Менску) — пабудавалі маленькую за горадам — і там было старое аддзяленьне рэабілітацыі. Яго Кіраўніцтва справамі адрамантавала. Зрабілі рэабілітацыю на першым паверсе. На верхнім паверсе даручыў усе дабрачынныя фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), сабраць пад адным дахам», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
Ён назваў інфармацыю пра новую рэзыдэнцыю «ідэалягічным і інфармацыйным ціскам» з мэтай «ачарніць уладу» і дадаў, што яму «хапае месцаў, дзе працаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў расьсьледаваньне аб новай рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў цэнтры Менску коштам $14 млн18 верасьня аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб рэканструкцыі чатырохпавярховага будынку ў цэнтры Менску, на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. Гэта недалёка ад будынку адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса. У расьследаваньні выказваецца меркаваньне, што гэта — новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, расьсьледнікі ацэньваюць яе кошт амаль у $14,4 мільёна.
BelPol паведаміла, што атрымала «сотні дакумэнтаў», якія, паводле расьсьледнікаў, ніколі не публікаваліся ў адкрытым доступе: дэталёвыя пляны, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках і каштарыс «на велізарныя сумы грашовых сродкаў, вылучаных зь дзяржаўнага бюджэту».
Расьсьледнікі на падставе атрыманых дакумэнтаў стварылі візуалізацыю рэзыдэнцыі. Там ёсьць басэйн з асобнай VIP-зонай і «дарожкай Кнайпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпэратурамі і масажам ступняў. У SPA-зоне — два джакузі, звычайная саўна, крыясаўна, парная і хамам, два «душы ўражаньняў», басэйн, пяць лежакоў, сьнегагенэратар, масажны кабінэт, пакой адпачынку і пакой для посуду.
На другім паверсе працоўная прастора. Там разьмешчаныя кабінэты «начальнікаў структурных падразьдзяленьняў» з асобнымі прымальнямі, дзьве залі для перамоваў, прэс-цэнтар і канфэрэнц-заля на 49 чалавек. На трэцім паверсе абедная заля зь вітражом на столі коштам больш за 72 тысячы беларускіх рублёў (каля $28,5 тысячы), «пакой для запрошаных», пакой для посуду, памяшканьне для пакаёвак, сэрвэрны пакой, пакой групы аховы і дзяжурнага ад’ютанта зь відэасьцяной.
Ёсьць заля для нарадаў з васільковым столевым вітражом за амаль 225 тысяч беларускіх рублёў (каля $79 тысяч), бібліятэка, два электракамінкі, працоўны кабінэт з столевым вітражом за 78,3 тысячы (каля $31 тысячы) і спальня зь мяккімі сьценамі. У ванным пакоі з душам, унітазам і бідэ расьсьледнікі выявілі мыльніцу за 1656 рублёў (каля $660).
На апошнім, чацьвёртым паверсе рэзыдэнцыі месьцяцца тры кабінэты для пэрсаналу, кабінэты начальніка асабістай аховы і асабістага лекара, працэдурны кабінэт.
Пра памяшканьні, дзе маглі б разьмясьціцца ўсе дабрачынныя фонды, якія закрылі беларускія ўлады, у расьследаваньні BelPol нічога не было.
Ускосна пацьвярджаюць тое, што рэзыдэнцыя пабудаваная для Лукашэнкі, дакумэнты, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, памяшканьні для адʼютанта і асабістай аховы, адна спальні, адзін працэдурны кабінэт.
У гэты момант у Аляксандра Лукашэнкі ня менш за 17 рэзыдэнцыяў. Іншаземных гасьцей ён часьцей за ўсё прымае ў «Палацы незалежнасьці», а жыве ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незапатрабаваны палац у цэнтры Менску. Навошта Лукашэнку спатрэбілася яшчэ адна рэзыдэнцыя