«СПб ГУП „Пассажиравтотранс“ не зьяўляецца прыватнай кампаніяй і эксплюатуе свой рухомы склад самастойна і паводле рэглямэнту», — адказалі на прадпрыемстве выданьню «Газета.Ru».
19 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з губэрнатарам Краснадарскага краю Расеі Веньямінам Кандрацьевым заявіў, што праблема загараньня аўтобусаў МАЗаў у Пецярбургу зьвязаная зь няякасным абслугоўваньнем беларускіх аўтобусаў.
«У нас жа не гараць аўтобусы. У іншых рэгіёнах Расеі не гараць. А чаму ў Піцеры гараць? Бо нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі ня бачылі аўтобусаў, узяла на сябе абслугоўваньне. Што такое абслугоўваньне, вы ведаеце: гэта трэба ня толькі своечасова гайку закруціць, агляд перад выездам павінен быць увесь час. А ўсяго гэтага не было. Натуральна, недзе выцекі, працёкі і г.д.», — заявіў Лукашэнка.
Раней Лукашэнка, камэнтуючы загараньні аўтобусаў МАЗ у Санкт-Пецярбургу, намякаў на інтрыгі канкурэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз частыя ўзгараньні: у Санкт-Пецярбургу прыпынілі эксплюатацыю беларускіх аўтобусаў МАЗ- Санкт-Пецярбург замовіў у Менскага аўтамабільнага заводу каля 900 аўтобусаў. Сёлета ў горадзе згарэлі некалькі аўтобусаў МАЗ, за мінулы год вядома пра сама меней 6 выпадкаў загараньня беларускіх аўтобусаў у Санкт-Пецярбургу.
- Імавернай прычынай інцыдэнтаў зь беларускай тэхнікай папярэдне назвалі негермэтычнасьць сыстэмы гідрапрываду вэнтылятару. Міністар прамысловасьці Пётра Пархомчык выказаў вэрсію з замыканьнем.
- 2 жніўня ў Санкт-Пецярбургу прыпынілі эксплюатацыю 137 беларускіх аўтобусаў МАЗ з прычыны частых загараньняў.
- 16 жніўня «Пассажиравтотранс» вярнуў беларускія аўтобусы на вуліцы Санкт-Пецярбургу пасьля таго, як спэцыялісты ААТ «МАЗ» «ажыцьцявілі дапрацоўку дзейных сыстэмаў і мэханізмаў аўтобусаў з мэтай выключэньня выпадкаў патэнцыйных загараньняў».
- Выпадкі загараньня аўтобусаў МАЗ былі і ў Беларусі. Так, у кастрычніку 2022 году пад Баранавічамі згарэў скрадзены МАЗ, яшчэ тры МАЗы згарэлі ў віцебскім аўтапарку. У красавіку 2023 году аўтобус МАЗ «адвольна загарэўся» на трасе Магілёў — Менск. 10 жніўня гарэў МАЗ у Слуцку.