У вучэньнях прымуць удзел службовыя асобы выканкамаў і вайсковых камісарыятаў вобласьці, вайсковаабавязаныя Магілёўскага, Асіповіцкага і Чавускага раёнаў, а таксама два атрады «народнага апалчэньня».
«Сілы тэрытарыяльнай аабароны адпрацуюць пытаньні аховы і абароны важных аб’ектаў, забесьпячэньня мераў ваеннага становішча з прыцягненьнем атрадаў народнага апалчэньня, вядзеньня барацьбы з дывэрсійна-выведнымі групамі праціўніка, у тым ліку з баявой стральбой артылерыйскіх падразьдзелаў тэрытарыяльных войскаў на палігоне „Асіповіцкі“», — паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.
Таксама ведамства аб’явіла аб правядзеньні з 22 па 26 верасьня двухбаковых комплексных вучэньняў «на розных палігонах і ўчастках мясцовасьці», пераважна на тэрыторыях Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай вобласьцяў. Іх мэта — удасканаліць узровень гатоўнасьці органаў вайсковага кіраўніцтва апэратыўных абʼяднаньняў да кіраваньня падчас вядзеньня баявых дзеяньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі аб’явіла аб пачатку яшчэ адных комплексных вучэньняў, гэтым разам з апалчэньнемКамандуючы Абʼяднанымі сіламі Ўзброеных сілаў Украіны Сяргей Наеў заявіў, што чарговыя манэўры беларускага войска «не ствараюць ваеннай пагрозы, але ёсьць пэўная небясьпека», таму ўкраінскае войска «ўзмацняе пільнасьць і рыхтуе свае сілы да адэкватнага рэагаваньня».
Рэжым Лукашэнкі падтрымаў Расею, якая 24 лютага 2022 году пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Тэрыторыю Беларусі ў пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвала расейскае войска для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Таксама Беларусь адпраўляла расейскаму войску тэхніку і рыхтавала расейскіх вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі.