20 верасьня Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі аб ліквідацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), як вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва. Пра гэта BPN паведаміў старшыня партыі Ігар Барысаў.
«Гэта не канец, — зазначыў Барысаў у перададзенай рэдакцыі відэазаяве. — Пакуль ёсьць наш калектыў і людзі, якія вераць у будучую дэмакратычную Беларусь, у яе сацыял-дэмакратычны выбар, мы, як фэнікс, паўстанем з попелу <...>. Грамада жыла, жыве і будзе жыць вечна, бо Беларусь для сацыял-дэмакратаў найперш!»
5 верасьня Вярхоўны суд адхіліў скаргу БСДП (Грамада) на адмову Мінісэрства юстыцыі перарэгістраваць партыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АГП і Партыя БНФ заявілі пра нязгоду з рашэньнямі судоў аб іх ліквідацыі- У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сілаў і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
- Пасьля гэтага ўлетку і ў пачатку восені ў Беларусі зьліквідавалі 9 апазыцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыяльную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю.
- Перарэгістраваныя толькі праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Зарэгістраваная максымальна ляяльная Аляксандру Лукашэнку партыя «Белая Русь».
- 4 верасьня стала вядома, што ў працэсе самаліквідацыі знаходзіцца Беларуская аграрная партыя.
- 22 верасьня ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца пазоў аб ліквідацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет».