«Сёньня на III Беларускім бізнэс-форуме ў Варшаве мы адзначаем гэтую знакавую падзею і шчыра верым, што нашая супраца прынясе плённыя вынікі на карысьць беларускай бізнес-супольнасьці за мяжой», — паведаміла прэс-служба Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой.
На форум у Варшаву прыехалі 2 прадстаўнікі Дэпартамэнту гандлю ЗША (адпаведнік міністэрства эканомікі ў эўрапейскіх краінах), а таксама прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.
Бакі дамовіліся пра некалькі кірункаў сумеснай дзейнасьці, сярод іх:
- падтрымка разьвіцьця АВВА як эфэктыўнай, празрыстай, устойлівай бізнэс-асацыяцыі,
- дапамога АВВА ў стратэгічнай супрацы з такімі арганізацыямі, як U.S. Chamber of Commerce,
- кансультацыі ў пошуку фінансаваньня,
- разьвіцьцё праектаў эканамічных рэформаў, «што ёсьць працай на будучыню Новай Беларусі», адзначаюць у асацыяцыі.
Паводле Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой, адным з найбліжэйшых крокаў у супрацоўніцтве стане першы беларускі бізнэс-форум у Вашынгтоне.
Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (АВВА) была заснаваная ў 2021 годзе для беларускіх бізнэсоўцаў, якія пакінулі Беларусь з палітычных альбо эканамічных прычынаў. Сваёй мэтай Асацыяцыя называе «стварэньне пазытыўнага іміджу і прасоўваньне інтарэсаў законнага, легальнага і этычнага бізнэсу, які вядуць беларускія прадпрымальнікі дзеля дабрабыту беларусаў і эканамічнага разьвіцьця Новай Беларусі як незалежнай дэмакратычнай краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасілі дапамагчы зьняць санкцыі». Размова з кіраўніком Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Яўгенам Бурым