На якую частку гісторыі ВКЛ маюць права беларусы? Чаму ў крыніцах няма літоўскіх варыянтаў імёнаў вялікіх князёў літоўскіх? І ці розныя гэта народы — русіны і беларусы?
Сёньня мы працягваем размову з гісторыкам, заснавальнікам і першым загадчыкам катэдры этналёгіі гістарычнага факультэту БДУ, былым прафэсарам ЭГУ Паўлам Церашковічам.
0:00 — ёсьць розьніца: ВКЛ стварылі літоўцы ці продкі сучасных літоўцаў
1:43 — на якую частку спадчыны ВКЛ у рамках прыватызацыі гістарычнай памяці могуць прэтэндаваць беларусы
3:00 — чаму ў гістарычных летапісах і хроніках няма літоўскіх варыянтаў імёнаў вялікіх князёў ВКЛ
5:32 — ці ня сьведчыць адсутнасьць у дакумэнтах літоўскіх варыянтаў імёнаў князёў пра іх «рутэнізацыю» (раньнюю беларусізацыю) ужо ў вельмі даўнія часы і на якой мове размаўлялі ў княскім палацы ў Вільні
7:35 — чаму літоўцы выкарыстоўвалі сваю мову між сабой у судах ВКЛ як крыптамову, калі хацелі, каб іх не зразумелі судзьдзі і іншыя прысутныя? Ці ня сьведчыць гэта пра падпарадкаваны статус іхнай культуры?
9:41 — што за славянская супольнасьць жыла на землях сучаснай Беларусі ў XVI стагодзьдзі? Якой была яе ідэнтычнасьць
17:45 — ці маюць рацыю тыя навукоўцы, якія адмаўляюць пераемнасьць паміж русінамі і беларусамі
21:27 — ці праўда, што «руская» шляхта ВКЛ у XVII — XVIII стагодзьдзях цалкам прыняла літоўскі этнагенэтычны міт пра паходжаньне ад Палямона, фактычна аблітовілася?
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:
— У нашай мінулай гутарцы вы сказалі, што сучасныя літоўцы ў рамках прыватызацыі гісторыі цалкам маюць права казаць, што ВКЛ стварылі літоўцы. А пра што ў тым жа выпадку прыватызацыі гісторыі маюць права казаць беларусы, калі мова ідзе пра Вялікае Княства Літоўскае XIII–XVI стагодзьдзяў?
— Па-першае, я хацеў бы ўдакладніць, што ўсё ж, калі быць абсалютна дакладным і адпавядаць кожнай літары, то Вялікае Княства Літоўскае стваралі палітыкі, якія зьяўляліся продкамі сучасным літоўцаў. Давайце назавем гэта так. І гэта, безумоўна, дае падставы сучасным літоўцам лічыць княства сваёй дзяржавай.
А што да беларускага складніку, то гэта перадусім тое, што большая частка тэкстаў (думаю, больш за 90%), якія тычацца гісторыі Вялікага Княства Літоўскага да канца XVIІ стагодзьдзя напісаныя на мове, якую вызначаюць па-рознаму. У літоўскай гістарыяграфічнай традыцыі яе называюць царкоўнаславянскай (з гэтым можна спрачацца). А беларускія лінгвісты часьцей называюць яе старажытнабеларускай мовай.
І той факт, што пераважная большасьць крыніц па гісторыі гэтай дзяржавы ад заснаваньня і да канца XVIІ стагодзьдзя напісаныя на гэтай мове, дазваляе нам як найменей прэтэндаваць на частку спадчыны гэтай дзяржавы.
— Такім чынам, калі мы гаворым пра продкаў сучасных літоўцаў у ВКЛ, то можам гаварыць і пра продкаў сучасных беларусаў у ВКЛ. Але ўсё ж паўстае пытаньне, наколькі глыбокім быў у Вялікім Княстве Літоўскім ўплыў той культуры, якую сёньня мы можам называць старабеларускай? У папярэдняй гутарцы вы зьвярнулі ўвагу, што ў пісьмовых крыніцах няма літоўскіх варыянтаў гучаньня і напісаньня імёнаў князёў — у летапісах і хроніках, напісаных як на старабеларускай мове, так і на польскай, ёсьць Альгерд, Гедзімін, Вітаўт, і няма Альгірдаса, Гедзімінаса і Вітаўтаса. Пра што, на вашу думку, гэты факт сьведчыць?
— Тут я хачу сказаць, што я ня ведаю, пра што гэта сьведчыць. Як казаў у свой час Сакрат: «Я ведаю толькі тое, што я нічога ня ведаю, але ёсьць шмат людзей, якія ня ведаюць нават і гэтага». І вось пра што гэта сьведчыць, мне сказаць вельмі цяжка. Але факт застаецца фактам: у гэтых славянскіх крыніцах ня згадваюцца арыгінальныя літоўскія імёны князёў. Як гэта атрымалася — мне сказаць вельмі цяжка. Пра што гэта сьведчыць? Хто пісаў гэтыя летапісы? Тут патрэбныя дасьледаваньні ў галіне анамастыкі (маецца на ўвазе дасьледаваньне асабовых імёнаў). Я гэтым ніколі не займаўся, тым больш літоўскай анамастыкай, таму мне сказаць вельмі цяжка.
Адзінае вось што. Калі я дасьледаваў спадчыну Даніловіча і Баброўскага, у тым ліку тыя летапісы, якія друкаваў Даніловіч, то маё вока зачапілася за тое, што імёны там іншыя. І нават не Гедзімін. У адным тэксьце я ўбачыў Кедмін, а гэта вельмі адрозьніваецца ад сучаснага гучаньня тых імёнаў.
Таму мне цяжка сказаць, што гэта такое, але факт такі ёсьць.
— У дакумэнтах XV–XVI стагодзьдзяў, якія падпісвалі вялікія князі, там фігуруюць славянскія варыянты. Я бачыў, як, напрыклад, Жыгімонт І Стары ў самым пачатку XVI стагодзьдзя пісаў ліст Канстанціну Астроскаму (там ёсьць, дарэчы, і Ўкраіна, напісаная з малой літары і з двума «н»), маўляў, давай вяртайся, ты ўжо добра паслужыў нам на «украінне». Там імя караля і вялікага князя менавіта Жыгімонт, а не Жыгімантас. Калі мы гаворым пра так званую «рускую» культуру і пра русінаў, ці ня сьведчыць гэта факт пра «рутэнізацыю» гэтых гаспадароў зь вельмі даўніх часоў?
— Ведаеце, ёсьць шмат, можа, не прамых, але ўскосных сьведчаньняў, што літоўская мова была гутарковай пры двары Вялікіх князёў Літоўскіх. Больш за тое. Зафіксаваныя патрабаваньні, каб літоўская мова побач з польскай і русінскай (або старабеларускай) была афіцыйнай у магістратах у Вільні, Коўне, здаецца, Латышонак і пра Горадню тое ж пісаў. Так што гэтая мова існавала.
Іншае пытаньне, чаму не захаваліся пісьмовыя тэксты. Самыя раньнія пісьмовыя тэксты на літоўскай мове — гэта пачатак XVI стагодзьдзя. Чаму няма нічога ранейшага? Ёсьць здагадкі, што на гэтай мове павінны былі выдаваць рэлігійныя тэксты, у тым ліку і ў той час, калі адбыўся хрост Літвы. Але гэтых тэкстаў у нас няма. Гэта толькі здагадкі.
— Беларускі гісторык Алег Дзярновіч неяк казаў, што літоўская мова выкарыстоўвался ў судах Вялікага Княства Літоўскага самімі балтамі з паходжаньня як крыптамова, калі яны хацелі, каб іх не зразумелі судзьдзі і іншыя прысутныя? Калі я гэта пачуў, то падумаў пра прыніжанасьць. Чаму людзі ў сваёй дзяржаве хаваюцца, чаму ня могуць сваёй мовай карыстацца напоўніцу. Ці ня сьведчыць гэта пра падпарадкаваны статус іх культуры? Здаецца, мы да канца яшчэ не зразумелі Вялікае Княства Літоўскае.
— Дарэчы, ня толькі ў судах. Таксама вядома, што вайсковыя кіраўнікі, этнічныя літоўцы, таксама выкарыстоўвалі літоўскую мову для перадачы сакрэтнай інфармацыі. Гэта сапраўды так.
Чаму было такое становішча мовы, ужо раней казаў. Гэта дамадэрныя дзяржавы, у якіх ніколі не стаяла на мэце падтрымка якой-небудзь этнічнай культуры, гэта зусім іншая сытуацыя. І яшчэ трэба дадаць, што ў пераважнай колькасьці дамадэрных дзяржаваў мова, якую выкарыстоўвала дзяржава, істотна адрозьнівалася ад гутарковай мовы, якую выкарыстоўвала пераважная большасьць насельніцтва. Можна паглядзець на сытуацыю ў Заходняй Эўропе, дзе панавала лаціна. І такіх прыкладаў шмат. Так што агулам нічога незвычайнага ў такім становішчы няма.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Князі ВКЛ не цікавіліся літоўскай мовай і культурай, — Павел Церашковіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Чаму літоўцы баяцца беларускіх «літвінаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Расея ня зьменіцца ніколі, — Лія Грынфэльд пра расейскую і беларускую нацыі
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.