17 верасьня раптоўна пайшла з жыцьця карэспандэнтка незалежнага інтэрнэт-выданьня «Ганцавіцкі час» Сьвятлана Малышка, паведаміў БАЖ.
Сьвятлане не было і 45. У газэце «Ганцавіцкі час» Сьвятлана Малышка пачала працаваць у 2003 годзе. За час працы ў газэце яна напісала больш за 1300 артыкулаў.
«Дабрыня, сціпласьць і спакойны характар дазвалялі Сьвятлане лёгка знаходзіць кантакт з героямі публікацый. Але яе журналісцкая прынцыповасьць, калі справа тычылася нейкіх праблемных артыкулаў, былі вартыя павагі і часам зьдзіўленьня. Асабліва, калі з просьбай падняць тэму ў газэце зьвярталіся людзі, каб дамагчыся справядлівасьці і адстаяць свае правы», — кажуць калегі з «Ганцавіцкага часу».
Сёлета ў канцы жніўня Сьвятлана Малышка падрыхтавала сэрыю матэрыялаў пра тое, як у Ганцавічах рыхтаваліся да абласных «Дажынак». Адна з публікацый, тычылася рэакцыі людзей на сьпілаваныя ў горадзе дрэвы.
Артыкулам абурыліся мясцовыя ўлады, і неўзабаве аўтарку выклікалі ў міліцыю «пагутарыць». Калегі мяркуюць, што гэтая «размова» і гутаркі з кіраўніцтвам мясцовага райвыканкаму вельмі моцна адбіліся на стане здароўя Сьвятланы Малышка.
Як піша БАЖ, яна зазнала сапраўдны стрэс, хоць старалася не паказваць свайго хваляваньня, трымала ў сабе. Праз пару тыдняў карэспандэнтка «Ганцавіцкага часу» трапіла ў шпіталь, лекары не змаглі выратаваць яе жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 жніўня: супрацоўнікаў «Ганцавіцкага часу» выклікалі на «размовы» ў міліцыю; затрымалі начальніка аддзелу «Белгіпразем» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактар «Ганцавіцкага часу» адмовіўся ісьці на гутарку ў РАУС бяз позвыЗмаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.