Па выніках ваеннай апэрацыі, праведзенай азэрбайджанскай арміяй у Карабаху, удады ў Баку паведамілі, што «60 пазыцый узброеных сіл Армэніі знаходзяцца пад кантролем». Пра гэта напісала агенцтва АзерТАдж са спасылкай на словы кіраўніка прэс-службы Міністэрства абароны палкоўніка Анара Эйвазава.
Чыноўнік зьняпраўдзіў інфармацыю аб абстрэле цывільных аб’ектаў, апублікаваную раней у армянскіх СМІ.
Армэнія, аднак, заявіла пра тое, што яе ўзброеных сіл на тэрыторыі Нагорнага Карабаху няма.
Армянская служба Радыё Свабода Азатуцюн са спасылкай на Гегама Сьцепаньяна, амбудсмэна ў непрызнаным Нагорным Карабаху, паведамляе, што ў выніку вайсковай апэрацыі азэрбайджанскай арміі загінулі 27 чалавек, двое зь іх — мірныя жыхары. Па словах Сьцепаньяна, яшчэ 138 чалавек атрымалі раненьні, зь іх 29 — мірныя жыхары.
Таксама Азатуцюн паведамляе са спасылкай на інфармацыю Міністэрства абароны Расеі, што расейскія міратворцы ў Карабаху арганізавалі эвакуацыю 469 жыхароў з найбольш небясьпечных раёнаў рэгіёну. Камандаваньне расейскага міратворчага кантынгенту заклікала бакі неадкладна спыніць агонь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан заявіў аб «антытэрарыстычнай апэрацыі» ў Карабаху. Армэнія сьцьвярджае, што яе войскаў там нямаРасейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС са спасылкай на крыніцы ў ААН паведамляе, што паседжаньне Рады Бясьпекі ААН аб сытуацыі ў Карабаху заплянаванае на 21 верасьня.
- Тэрыторыя Нагорнага Карабаху паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складаюць этнічныя армяне.
- З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну.
- Прадстаўнікі армянскай грамады абвясьцілі незалежную рэспубліку, якой не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія.
- У выніках кароткатэрміновай вайны ўвосень 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў.
- Баку вярнуў пад кантроль значную частку тэрыторыяў Нагорнага Карабаху і прылеглых раёнаў Азэрбайджану, занятых армянскімі войскамі ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне былі размешчаныя расейскія міратворчыя сілы.
- Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія міратворцы ня выканалі сваіх абавязаньняў і не забясьпечылі кантроль над Лачынскім калідорам — адзінай трасай, якая злучае Армэнію і падкантрольную этнічным армянам тэрыторыю Нагорнага Карабаху.
- З Нагорнага Карабаху паступаюць паведамленьні аб недахопе харчу, паліва і мэдыкамэнтаў, як сьцьвярджаецца, праз блякаваньне рэгіёну азэрбайджанскімі вайскоўцамі. Баку ўсе абвінавачаньні адпрэчвае.