Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы на Генэральнай асамблеі ААН у аўторак, заклікаў рэфармаваць Раду Бясьпекі ААН і зноў выказаўся ў падтрымку Ўкраіны.
Як паведамляе DW, Байдэн сказаў, што менш буйныя ў эканамічным пляне дзяржавы павінны мець большы ўплыў і вагу ў міжнародных інстытутах. Менавіта таму, заявіў Байдэн, неабходна рэформа Рады Бясьпекі ААН і ўключэньне ў яе склад большай колькасьці сталых і нясталых чальцоў.
«Мы павінны быць у стане прарваць блякаду, якая занадта часта перашкаджае прагрэсу і блякуе кансэнсус у Радзе», — заявіў Байдэн.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш у сваім уступным слове таксама заклікаў да рэформы Рады Бясьпекі арганізацыі.
«Сьвет зьмяніўся, а нашы інстытуты — не. Мы ня можам эфэктыўна вырашаць праблемы сучаснасьці, калі інстытуты не адлюстроўваюць сьвет такім, які ён ёсьць. Замест рашэньня яны могуць стаць часткай праблем. Прыйшоў час зьмяніць шматбаковыя структуры, грунтуючыся на эканамічных і палітычных рэаліях ХХІ стагодзьдзя», — сказаў Гутэрыш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэлася зь віцэ-прэзыдэнткай Microsoft у офісе кампаніі ў ААН ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская папрасіла ЗША дапамагчы зь перасьледам Лукашэнкі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі