У Ерэване пратэстоўцы пайшлі на штурм будынку ўраду Армэніі

Акцыя пратэсту ў Ерэване, 19 верасьня 2023 году

У цэнтры Ерэвану праходзіць стыхійная акцыя пратэсту з прычыны пачатку ваеннай апэрацыі азэрбайджанскай арміі на тэрыторыі самаабвешчанага Нагорнага Карабаху (армянская назва — Арцах).

Пачаліся сутычкі з паліцыяй, пэўныя дэманстранты сталі кідаць у паліцыянтаў камяні, перадае карэспандэнт Радыё Свабода зь месца падзеяў.

Пратэстоўцы выкрыкваюць лёзунгі супраць ураду і патрабуюць ад прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна ўмяшаньня ў сытуацыю. Пратэстоўцы кідалі бутэлькі ў сілавікоў, якія ачапілі будынак армянскага ўраду, а затым пачалі спробу яго штурму. Пры гэтым яны выгукалі: «Нікол — здраднік!». Яшчэ адна група пратэстоўцаў зладзіла акцыю насупраць расейскай амбасады. Удзельнікі пратэсту патрабавалі, каб расейскія міратворцы, якія знаходзяцца ў рэгіёне, абаранілі мірнае насельніцтва ад агрэсіі.

Раней кіраўнік камітэту абароны расейскай Думы паведаміў, што расейскія міратворцы ў Нагорным Карабаху не маюць права ўжываць зброю, калі няма пагрозы для іх саміх.

Міністэрства абароны Расеі заявіла, што міратворцы ўдзельнічаюць у эвакуацыі жыхароў з найбольш небясьпечных раёнаў. Паводле ведамства, цягам дня ў распараджэньне расейскага міратворчага кантынгенту эвакуаваліся каля 500 чалавек, амаль 200 зь іх дзеці.

Армія Азэрбайджану 19 верасьня абʼявіла аб правядзеньні ваеннай апэрацыі ў самаабвешчаным Нагорным Карабаху. Мэтай абвешчана «аднаўленьне канстытуцыйнага ладу». Паведамляюць аб ударах па абʼектах армянскай і карабаскай арміяў. Ерэван прысутнасьць сваіх вайскоўцаў у Карабаху адмаўляе.

Баку абвінаваціў Армэнію і Карабах у арганізацыі тэрактаў. Нагодай стаў падрыў аўтамабіля КАМАЗ, у якім былі супрацоўнікі МУС Азэрбайджану. Загінулі чатыры чалавекі.

Армянскі бок паведамляе аб пяцёх загінулых і дзясятках параненых 19 верасьня. Азэрбайджан паведаміў аб гібелі мірнага жыхара ў горадзе Шуша.

  • Тэрыторыя Нагорнага Карабаху паводле міжнароднага права лічыцца часткай Азэрбайджану. Насельніцтва рэгіёну пераважна складаюць этнічныя армяне. З пачатку 1990-х гадоў Баку не кантраляваў большую частку рэгіёну. Прадстаўнікі армянскай грамады абвясьцілі незалежную рэспубліку, якую не прызнала ніводная дзяржава, у тым ліку і Армэнія.
  • У выніках кароткатэрміновай вайны ўвосень 2020 году Азэрбайджан і Армэнія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў. Баку вярнуў пад кантроль значную частку тэрыторыяў Нагорнага Карабаху і прылеглых раёнаў Азэрбайджану, занятых армянскімі войскамі ў пачатку 1990-х гадоў. У рэгіёне былі размешчаныя расейскія міратворчыя сілы.
  • Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заявіў, што расейскія міратворцы ня выканалі сваіх абавязаньняў і не забясьпечылі кантроль над Лачынскім калідорам — адзінай трасай, якая злучае Армэнію і падкантрольную этнічным армянам тэрыторыю Нагорнага Карабаху.
  • З Нагорнага Карабаху паступаюць паведамленьні аб недахопе харчаваньня, паліва і мэдыкамэнтаў, як сьцьвярджаецца, праз блякаваньне рэгіёну азэрбайджанскімі вайскоўцамі. Баку ўсе абвінавачаньні адпрэчвае.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».