Латвія закрывае адзін з двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю

Памежны слуп Латвіі. Архіўнае фота

Рашэньне датычыць памежнага пераходу Урбаны — Сілэнэ. Раней шэраг памежных пераходаў зь Беларусьсю закрылі Польшча і Літва.

Урад Латвіі прыняў рашэньне закрыць адзін з двух пунктаў пропуску на беларускай мяжы, паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на латвійскі інфармацыйны канал LETA і тэлерадыёкампанію LSM. Адпаведны праект пастановы ўраду падрыхтавала Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі.

Рашэньне аб закрыцьці датычыць памежнага пераходу Ўрбаны — Сілэнэ. Ён спыніць працу з 20:00 19 верасьня на няпэўны тэрмін, паведаміў Памежны камітэт Беларусі з спасылкай на афіцыйнае апавяшчэньне латвійскага боку.

Такім чынам на мяжы Беларусі і Латвіі застаецца адкрытым адзін памежны пераход — «Патэрніекі» («Грыгораўшчына»).

Улады Латвіі патлумачылі, што да кроку закрыць пераход Ўрбаны — Сілэнэ іх падштурхнуў рост нелегальнай іміграцыі з боку Беларусі. За апошнія шэсьць дзён латвійскія памежнікі перадухілілі спробы незаконнага трапляньня ў Латвію зь Беларусі 894 чалавек. Ціск нелегальнай іміграцыі за кароткі час вырас практычна ўтрая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра мяжу, Карач, «літвінізм», Пазьняка і Вільню — меркаваньне літоўскага палітоляга Максімаса Мілты

Раней краіны Балтыі і Польшча правялі сустрэчу на міністэрскім узроўні, дзе абмяркоўвалі мэханізм закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку патрэбы.

18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.

З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі адказаў на закрыцьцё Літвой двух памежных пераходаў

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.

Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка

  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.