«Падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум». Што Гараўскі расказаў у першы дзень суду аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі

Юры Гараўскі прыбыў у суд

19 верасьня ў Швайцарыі пачаўся суд над былым байцом спэцпадразьдзяленьня ўнутраных войскаў Беларусі Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў саўдзеле ў выкраданьні і забойстве палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, паведамляе агенцтва dpa.

Вытрымка з судовай заявы, якую мае агенцтва Associated Press, паказвае, што пракуратура плянуе дамагацца для Юрыя Гараўскага трох гадоў турэмнага зьняволеньня, два зь якіх будуць умоўнымі.

Справу разглядае акруговы суд Роршаху ў паўночна-ўсходнім швайцарскім рэгіёне Бодэнскага возера. Праз высокую грамадзкую зацікаўленасьць працэс ідзе ў вялікіх залях суду кантону Санкт-Гален.

Праваабаронцы кажуць, што двухдзённы працэс пазначае сабой гістарычны момант, бо суд спрабуе высьветліць, ці дзейнічаў Гараўскі «ад імя або з ухваленьня дзяржавы або палітычнай арганізацыі».

Гэта першы выпадак, калі справы аб так званых «эскадронах сьмерці ў Беларусі» разглядае суд. Гараўскі ўцёк у Швайцарыю, а 19 верасьня яго прывезьлі ў суд пад узмоцненай аховай.

Першы дзень суду. Асноўнае

Карэспандэнтка «Новага Часу» Вольга Класкоўская, якая правяла ўвесь дзень у швайцарскім судзе, падсумоўвае вынікі першага дня працэсу:

– Калі тое, што гаворыць Гараўскі, праўда, у беларускага рэжыму падставаў спаць спакойна ўсё меней. Разам з тым у шэрагу прысутных складваецца ўражаньне, што гэты чалавек імкнецца сябе выгарадзіць, штосьці недагаворвае. З аднаго боку, Гараўскі нібыта і прызнае свой удзел у выкраданьні апазыцыйных палітыкаў, называе імёны замоўцаў і ўдзельнікаў палітычных забойстваў, і просіць прабачэньня ў сваякоў забітых, і гаворыць, што яго мэта – расказаць праўду пра злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму на ўвесь сьвет. Разам з тым зь цяжкасьцю верыцца, што былы баец САХРу шчыра раскайваецца ў зробленым.

Гараўскі заяўляе, што разумеў яшчэ ў 1999 годзе, што ўдзельнічае ў цяжкім злачынстве, і разам з тым апавядае, што пасьля 2003 года працягваў час ад часу сустракацца з Паўлічэнкам і іншымі саслужыўцамі.
Але суд на тое і суд, каб расставіць кропкі над «і». Швайцарскае правасудзьдзе мае такую ж моцную рэпутацыю, як тамтэйшыя банкі і гадзіньнікі. У выніку разгляду справы Гараўскага, калі злачынствы будуць зафіксаваныя юрыдычна, рэжым Лукашэнкі зь ягонымі шкілетамі ў шафе можа апынуцца ў яшчэ болей жорсткіх абцугах.

Суд над Гараўскім у справе зьнікненьняў апанэнтаў Лукашэнкі. ФОТА

Што расказаў Гараўскі ў судзе

Юры Гараўскі пачаў даваць паказаньні, дзе расказаў падрабязнасьці выкраданьня і забойства былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Як піша «Новы час», Юрыя Гараўскага прывезьлі ў суд пад аховай швайцарскіх спэцслужбаў. Яго ахоўваюць вельмі пільна, падагнаўшы аўтобус літаральна да дзьвярэй суду. Сам Гараўскі быў пад каптуром, хаваў твар.

«Гараўскі гаворыць вельмі ціха, выглядае прыгнечаным, у суд ён прыйшоў з мыліцай. На пытаньне судзьдзі, як ён сябе адчувае, падсудны адказаў, што нармальна», — перадае карэспандэнтка «Новага часу» з залі суду.

— Перш за ўсё я прыношу прабачэнні родным. Я глыбока шкадую аб сваім саўдзеле ў гэтым. Спадзяюся, сваякі прымуць мае прабачэньні.

За сьпінай Гараўскага ў судовай залі сядзіць дачка Юрыя Захаранкі Алена.

На судзе Гараўскі сярод іншага расказаў пра выкраданьне і забойства Юрыя Захаранкі:

— Калі на загад Паўлічэнкі мы паклалі Захаранку ў багажнік, я ўжо тады хацеў зьехаць.

— Ці ведалі вы, што гэты чалавек — Захаранка? — пытаецца судзьдзя.

— На момант, калі я служыў, Захаранка быў міністрам МУС, зразумела, я ведаў, хто гэта такі.

Гараўскі расказаў, што Юры Захаранка быў застрэлены ў сьпіну. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і зь ім «будзе гутарка», і ня ведаў, куды яго вязуць. Апэрацыяй кіраваў камандзір спэцыяльнага падразьдзяленьня ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка.

Судзьдзя спытаў Гараўскага:

— Пісталет, якім быў застрэлены Захаранка, — ім праводзяцца ў Беларусі расстрэлы?

— Так.

— Адкуль вы ведаеце? Вы ўжо трымалі яго ў руках?

— Трымаў падобны.

— Калі вам стала зразумела, што Захаранку зьбіраюцца забіць?

— Калі Паўлічэнка стрэліў у яго.

Далей Гараўскі расказаў:

«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: „Усе гатовыя?“. Мы адказалі: „Так“. Мы пад’ехалі да саўны, сядзелі ў дзьвюх машынах. Паўлічэнка мне і Ўладзіміру Буцько сказаў прайсьціся і паглядзець, дзе і як мы будзем рабіць затрыманьне.

Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разьбіцьці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасьць злачынства. Я спэцыяльна разьбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў. Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага. Пасьля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына — джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегамлі. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы. Паўлічэнка выйшаў з машыны; празь пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: „Падыміце галовы“. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: „Так, гэта ён“. Паўлічэнка сеў у машыну, і мы паехалі ў Бегамлю. У Бегамлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласьці побач. Пасьля гэтага падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум, па два стрэлы зрабіў. Пасьля хвілін праз 5-10 сказаў разьдзець іх, і калі я разьдзяваў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусьціў руку ў туфель і дастаў спэцыяльную вусьцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».

Гараўскі сьцьвярджае, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрону сьмерці» пасьля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.

«Бо ён доўга гарыць», — дадаў Паўлічэнка.

Гараўскі адмаўляецца ад папярэдніх сьведчаньняў, што пісталет быў у яго. Кажа судзьдзю, што гэта вынік «кепскага перакладу», сьцвярджае, што сам ня быў забойцам.

Раней Гараўскі ў сваіх паказаньняў назваў імёны ўсіх, хто прыехаў выкрадаць Юрыя Захаранку:

«Я з Паўлічэнкам быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндзераў Сяргей. У другой машыне — Карповіч Дзіма, Наваторскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша. Румянцаў і Карповіч сталі ў пачатку і канцы дому. Я і Шкіндзераў — мы былі вышэйшыя — калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дому, пайшлі за ім. А Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі ідзе першы суд аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Што важна ведаць аб справе

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа