З просьбай садзейнічаць у адкрыцьці спраў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да кіраўніка ўпраўленьня глябальнага крымінальнага правасудзьдзя Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Бэт Ван Схаак.
Галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў BPN, што на сустрэчы Ціханоўскай і прадстаўніцы Дзярждэпартамэнта ў Нью-Ёрку абмяркоўваўся «прагрэс у справе расьсьледаваньня справаў супраць Лукашэнкі аб вывазе ўкраінскіх дзяцей, а таксама справа Юрыя Гараўскага, якую разглядае суд у Швайцарыі».
Ціханоўская наведвае Злучаныя Штаты Амэрыкі 17–23 верасьня. У праграме візыту ўдзел у мерапрыемствах Генасамблеі ААН, сустрэчы з палітыкамі з ЗША і іншых краін.
Улады ў Менску не хаваюць, што прывозяць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь — «на аздараўленьне», колькасьць ідзе на тысячы. Датычныя да гэтай дзейнасьці сьцьвярджаюць, што ўсё адбываецца на законных падставах, са згоды бацькоў ці апекуноў дзяцей.
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расеі. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб МУС выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Лукашэнкі. 13 верасьня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з заклікам да МУС разгледзець такую магчымасьць.
19 верасьня ў швэйцарскім Санкт-Галене ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі пачынаецца суд над былым супрацоўнікам спэцыяльнага атрада хуткага рэагаваньня (САХР) МУС Юрыем Гараўскім.
У 2019 годзе Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999-га ён быў у складзе так званага «эскадрону сьмерці», які на загад заснавальніка САХРу Дзьмітрыя Паўлічэнкі выкраў і забіў экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасьня таго ж года — былога кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Гараўскі жыве ў Швайцарыі ад кастрычніка 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка не паедзе на сэсію Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрк ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас візыту ў ЗША Ціханоўская возьме ўдзел у цырымоніі ўручэньня Зяленскаму прэміі Global Citizen Awards